173

Судовыя выканаўцы не прыйшлі да блогера Пятрухіна, каб забраць раней апісаную маёмасць

18.10.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пра тое, што канфіскацыя маёмасці адбудзецца 18 кастрычніка, брэсцкі блогер  Сяргей Пятрухін даведаўся з ліста, дасланага яму з аддзела прымусовага выканання Ленінскага раёна Брэста.

У спіс арыштаванай маёмасці трапілі кухонная мэбля, пральная машына, сканер, прас ды іншыя рэчы.

Сяргей Пятрухін вырашыў з гэтай нагоды зладзіць “урачыстасці” з жывой музыкай, спевамі і чаяваннем і запрасіў ў сваю кватэру сяброў і калег. Але незадоўга да прызначанага часу высветлілася, што менавіта 18 кастрычніка ў блогера нічога не забяруць — ад судовых выканаўцаў прыйшло смс-паведамленне пра тое, што канфіскацыя перанесеная на іншы тэрмін. Тым не менш, ад чаявання і жывой музыкі госці, якія прыйшлі падтрымаць Сяргея Пятрухіна, вырашылі не адмаўляцца.

Нагадаем, што падставай для апісання маёмасці стала рашэнне суда Ленінскага раёна Брэста па крымінальнай справе ў дачыненні Сяргея Пятрухіна. 18 красавіка 2019 года суддзя Аляксандр Семянчук прызнаў яго вінаватым у паклёпе і знявазе чатырох супрацоўнікаў міліцыі.

Паводле рашэння суддзі, Пятрухін быў аштрафаваны на 360 базавых велічынь (9 180 рублёў) у даход дзяржавы. Акрамя таго, блогера абавязалі пакрыць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам міліцыі (агулам на 7 500 рублёў), а таксама выдаткі на адваката. Выплаціць такую ​​суму цалкам Сяргей Пятрухін не змог.