303

Судовы канвеер у Магілёве: журналіст Міхаіл Аршынскі аштрафаваны за прафесійную дзейнасць

30.03.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 27 сакавіка пакараў журналіста-фрылансера Міхаіла Аршынскага штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў) за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Суддзя Жанна Пушкіна прызнала журналіста вінаватым у “незаконным вырабе прадукцыі СМІ” за рэпартаж, які выйшаў на тэлеканале “Белсат”. Сюжэт быў прысвечаны акцыі пратэсту магілёўскіх аўтамабілістаў супраць павышэння коштаў на бензін каля гандлёвага цэнтра «Е-Сіці» 8 лютага.

Суддзя забараніла весьці відэаздымку разгляду адміністрацыйнай справы, але разам з тым дазволіла Міхаілу Аршынскаму весьці стрым з судовай залы. Жанна Пушкіна разам са сведкамі, у якасці якіх выступалі супрацоўнікі АМАП Сяргей Мікушкін і Юрый Басаў, выслухала працяглы выступ Аршынскага, у якім журналіст пераканаўча патлумачыў, чаму не лічыць сябе вінаватым у парушэнні Закона “Аб СМІ”.

— Я не парушаў артыкулаў прамога дзеяння заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Я — ні саўладальнік, ні дырэктар, ні сябра кіраўніцтва тэлеканала “Белсат”, і не магу па сваім жаданні размяшчаць там інфармацыю. Няма нават доказаў таго, што я маю працоўныя адносіны з гэтым СМІ. Такім чынам, я не магу незаконна вырабіць прадукцыю СМІ, — зазначыў Аршынскі ў сваім выступе ў судзе.

Журналіст перакананы, што справа ў дачыненні да яго палітычна матываваная.

Цікава, што і сведкі, супрацоўнікі магілёўскага АМАПу Мікушкін і Басаў, казалі пра тое, што падчас акцыі аўтамабілістаў не было ніякіх парушэнняў грамадскага парадку. Паводле слоў міліцыянтаў, Аршынскі проста здымаў на відэа, як дзяўчына (Дар’я Чульцова) брала інтэрв’ю ва ўдзельнікаў акцыі.

Нягледзячы на аргументы Міхаіла Аршынскага, суддзя Пушкіна вынесла рашэнне пакараць яго штрафам у памеры 20 базавых велічынь на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ — за незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.

Раней, 24 сакавіка, за той жа самы рэпартаж “Пратэстоўцы супраць павышэння коштаў на бензін плануюць збірацца кожную суботу” суддзя Кастрычніцкіцкага раёна Магілёва Таццяна Міхайлава аштрафавала журналістку Дар’ю Чульцову.

У 2020 годзе гэта ўжо шостае пакаранне штрафамі магілёўскіх журналістаў на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Акрамя Міхаіла Аршынскага і Дар’і Чульцовай, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваліся фрылансеры Аліна Скрабунова і Аляксандр Сідарэўскі.

На жаль, ужо зразумела, што гэта быў не апошні суд над журналістамі на Магілёўшчыне. Перад пачаткам разгляду справы Міхаіла Аршынскага ў Кастрычніцкім судзе ўсё той жа капітан Волкаў уручыў позвы з патрабаваннем явіцца 9 красавіка ў Горацкі РАУС Міхаілу Аршынскаму і Дар’і Чульцовай. Журналісты мяркуюць, што падставай для выкліку стаў відэасюжэт пра праблемы горацкай вёскі, які яны здымалі на пачатку сакавіка.

Праваабаронца Барыс Бухель мяркуе, што ціск на журналістаў на Магілёўшчыне будзе працягвацца. Актыўнасць праваахоўнікаў у гэтым кірунку правабаронца звязвае з хуткім пачаткам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!