258

Судовы канвеер працуе без перапынку: чарговыя штрафы журналістам у Магілёве

15.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

У панядзелак, 15 сакавіка, суд Кастрычніцкага раёна Магілёва працягваў караць незалежных журналістаў за іх працу. Суд разгледзеў дзве адміністрацыйныя справы ў дачыненні журналістаў-фрылансераў Аліны Скрабуновай і Аляксандра Сідарэўскага.

Судовыя слуханні праходзілі без прысутнасці саміх журналістаў, бо Скрабунова і Сідарэўскі зараз выехалі за мяжу па прыватных справах.

Спачатку суддзя Вольга Зарычнюк разгледзела адміністрацыйную справу ў дачыненні Скрабуновай і Сідарэўскага. Згодна складзенага супрацоўнікамі Ленінскага РАУС пратакола, у студзені журналісты ўзялі інтэрв’ю ў магілёўца Сяргея Базука, пакаранага абмежаваннем волі за раскіданыя перад будынкамі сілавых ведамстваў самарэзы. Пасля на тэлеканале “Белсат” з'явіўся пра гэта сюжэт, а ў ноўтбуку, які адабралі ў Скрабуновай ў лютым падчас “агляду” кватэры, былі знойдзеныя матэрыялы, датычныя да гэтага сюжэта.

Нягледзячы на тое, што журналісты ніяк не маглі самі вырабіць матэрыялы для тэлеканала “Белсат”, суддзя Зарычнюк пастанавіла прызнаць журналістку Скрабунову і відэааператара Сідарэўскага вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ (ч. 3 арт. 23.5 КаАП РБ) і пакарала іх штрафамі ў памеры 30 базавых велічынь — па 870 рублёў кожнаму.

Праз пару гадзін суддзя Наталля Ясенка разгледзела яшчэ адну адміністрацыйную справу ў дачыненні Скрабуновай, распачатую міліцыянтамі за інтэрв'юіраванне магілёўскага грамадскага актывіста Алега Аксёнава. У выніку суддзя Ясенка таксама прызнала журналістку вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ і аштрафавала яшчэ 25 базавых велічынь (725 рублёў).

Такім чынам, за адзін дзень 15 сакавіка Аліна Скрабунова атрымала 55 базавых велічынь штрафу, а Аляксандр Сідарэўскі — 30.

Нагадаем, што сёлета ў сакавіку Аліну Скрабунову ужо двойчы каралі штрафамі за незаконны выраб прадукцыі СМІ: 5 сакавіка — 25 базавых велічынь, 12 сакавіка — 25 базавых велічынь.

За апошнія гады ў Магілёве часцей за ўсё штрафы паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП, якой зараз у новай рэдакцыі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях адпавядае ч. 3 арт. 23.5, атрымлівалі менавіта Аліна Скрабунова і Аляксандр Сідарэўскі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!