986

Судны дзень для незалежных журналістаў з Глыбокага

11.06.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КоАП

Два суды над Змітром Лупачам і адзін над Таццянай Смоткінай адбудуцца сёння, 11 чэрвеня.

Суд Пастаўскага раёна разглядае справу журналіста-фрылансера Змітра Лупача. Слуханнне павінна было адбыцца 7 чэрвеня, але па прычыне занятасці суддзі яго адклалі. Паведамілі пра гэта журналісту толькі тады, калі ён ужо прыехаў у Паставы.

У пятніцу, 8 чэрвеня, Змітру Лупачу патэлефанавалі з суда Глыбоцкага раёна і паведамілі пра тое, што ў Глыбокім адбудзецца над ім суд таксама 11 чэрвеня ў 10 гадзін. Калі журналіст сказаў, што ў яго на гэты час прызначаны суд у Паставах, у глыбоцкім судзе вырашылі перанесці судовы працэс на 14.20.

На гэты час прызначаны суд і над глыбоцкай незалежнай журналісткай Таццянай Смоткінай. Суд Глыбоцкага раёна вырашыў спалучыць справы журналістаў і правесці слуханне адначасова. Таццяне Смоткінай позва ў суд прыйшла sms-паведамленнем, а пасля ёй уручыў папяровы варыянт позвы старшы інспектар па дазваляльнай працы Глыбоцкага РАУС, капітан міліцыі Сяргей Цырбан.

8 чэрвеня міліцыянт ізноў выклікаў Таццяну позвай праз Viber у Глыбоцкі РАУС. Там ён склаў яшчэ адзін пратакол, які датычыўся матэрыяла журналісткі пра праблемы з каналізацыяй на вуліцы Дзяржынскага ў Глыбокім. Крыху раней Цырбан склаў на Таццяну Смоткіну тры пратаколы. Цяпер, паводле яго слоў, вырашыў скласці яшчэ адзін. У ранейшых пратаколах адзначалася, што Таццяна інтэрв’ювала людзей асобна. А зараз міліцыянт вырашыў скласці яшчэ дадатковы пратакол, у якім пазначыў, што інтэрв’ю ў адной жанчыны яна брала сумесна з Лупачам.

Нагадаем, глыбоцкіх журналістаў вінавацяць у тым, што яны ўзялі інтэрв’ю і такім чынам здзейснілі незаконны выраб прадукцыі СМІ. Матэрыялы з’явіліся на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” пад назвамі “Бязмежжа міліцыянтаў, або за што ламаюць ногі пенсіянерам”, “Як гарадская каналізацыя ў Глыбокім стварыла праблемы”, “Юбілейныя сімвалы ў Глыбокім”. А таксама на тэлеканале “Белсат” — “Чаму міліцыянты збіваюць пенсіянераў?”.

Глыбоцкіх журналістаў прыцягваюць да адказнасці паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП.