1133

Судны чацвер: адразу тры суды прайшлі над журналістам Змітром Лупачом

25.02.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў Сюжэт: 23.5 КаАП

25 лютага над глыбоцкім журналістам-фрылансерам Змітром Лупачом прайшлі адразу тры суды. У выніку за адзін дзень журналіст атрымаў штрафаў на 3045 беларускіх рублёў (105 базавых велічынь).

Зміцер Лупач

Падчас усіх судовых працэсаў Змітра Лупача вінавацілі ў парушэнні Закона аб СМІ паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.

У першай палове дня яго судзілі ў Паставах і Глыбокім. Суддзя Пастаўскага раённага суда Наталля Максімовіч пакарала Змітра 30 базавымі велічынямі штрафу, што складае 870 беларскіх рублёў. У Глыбокім жа суддзя Людміла Вашчанка прызначыла журналісту штраф у памеры 45 базавых велічыняў, што складае 1305 беларускіх рублёў.

Пасля абеду суд адбыўся яшчэ і ў Шаркаўшчыне. Суддзя Аксана Табола таксама прызнала Змітра Лупача вінаватым ў парушэнні заканадаўства аб СМІ і аштрафавала на 30 базавых велічыняў — 870 беларускіх рублёў.

На кожным судовым слуханні апытвалі сведкаў — людзей, якіх Зміцер запісваў для сваіх сюжэтаў, на гэтым і грунтаваліся справы.

Толькі пастаўскім міліцыянтам было складана даказаць дачыненне журналіста да сюжэта пра закрыццё пастаўскай трэнажорнай залы “Рэжым”, бо сведка не даў патрэбных ім паказанняў супраць журналіста. Тады яны прыехалі на працу да Змітра з санкцыяй пракурора на выманне і вобшук. Яны прапанавалі журналісту самому аддаць знятыя ў Паставах відэафайлы, а калі б ён не пагадзіўся, то зрабілі б ператрусы ў офісе і дома. Зміцер аддаў усе адснятыя матэрыялы.

Журналіст адзначае, што ўпершыню ў яго жыцці было столькі судоў у адзін дзень. Але гэта ён не лічыць замовай, а, хутчэй, супадзеннем. Замовай лічыць ён тое, што ўлады яго пераследуюць ужо за кожны відэасюжэт для “Белсата”.

Што рабіць далей у такіх умовах, калі цябе пераследуюць за кожны сюжэт, разважае сам журналіст:

— Мяняць від дзейнасці зараз даволі цяжка. Я ведаю, што ў раёне ніякай працы не знайду. Можа б дзе на ферму і ўзялі, але сумняюся, што і туды траплю. Але ўвогуле, калі і мяняць штосьці, то на больш-менш аналагічнае. Што далей будзе, не ведаю. Пакуль нявызначанасць.

Нагадаем, сёлета ў дачыненні Змітра Лупача абдылося ўжо чатыры судовыя працэсы паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Першы суд у Паставах суддзя Наталля Максімовіч спыніла, бо выйшлі тэрміны справы. А тры іншыя суды прызналі журналіста вінаватым і пакаралі штрафамі. Летась на журналіста было складзена сем адміністрацыйных пратаколаў па вышэйзгаданым артыкуле і прайшло судоў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!