150

«Суддзя не спрабаваў нічога высветліць». Мінгарсуд пакінуў штраф Дзіяны Серадзюк

25.02.2020 Крыніца: Novy Chas

24 лютага ў Мінскім гарадскім судзе адбылося пасяджэнне па адміністрацыйнай справе Дзіяны Серадзюк. Журналістка спрабавала абскардзіць штраф у 50 базавых, якім яе 27 студзеня пакаралі ў судзе Першамайскага раёна за нібыта ўдзел у акцыі супраць "паглыбленай інтэграцыі" Беларусі і Расіі.

Дзіяна Серадзюк

Нагадаем, 27 студзеня Першамайскі суд, нягледзячы на недастатковую доказную базу, памылкі ў паказаннях сведкаў і іншыя недарэчнасці, прызнаў Дзіяну вінаватай паводле ч 3 арт. 23.34 КаАП і пакараў яе штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (1350 рублёў).

Пасля прысуду Дзіяна Серадзюк звярнулася да неабыякавых людзей з просьбай дапамагчы сабраць сродкі на аплату штрафа. Трэба адзначыць, што неабходная сума была сабраная літаральна цягам сутак.

Тым не менш, Дзіяна вырашыла абскардзіць прысуд. "Таму, што прысуд лічу несправядлівым, мая віна абсалютна не была даказаная ў судзе. Калі б скаргу задаволілі, перадала б грошы на агульны збор кампаніі by_help. Але я адпачатку не мела ніякіх ілюзій. Нават не хацела ісці на абскарджванне, але вырашыла яшчэ раз сказаць у твар прадстаўнікам нашага "суда", што яны здзяйсняюць злачынства", — патлумачыла яна.

Справу разглядаў суддзя Мінгарсуда Пётр Арлоў, вядомы тым, што ў кастрычніку 2019-га прысудзіў да трох гадоў "хатняй хіміі" актывіста анархісцкага руху Змітра Паліенку.  

"Падчас абскарджвання я звярнула ўвагу, што судом былі няпоўна, аднабакова і неаб'ектыўна даследаваныя абставіны справы — чаго вартыя толькі паказанні сведак Івашкова і Шайко, якія спачатку аднолькава "бачылі" мяне 20 снежня са сцягам з 18 да 18.40 на Кастрычніцкай, потым абодва "памыліліся" і "ўбачылі" мяне ўжо з 21 да 21.30 на мітынгу ў парку Купалы. Былі і іншыя моманты, напрыклад, што ва ўказаны час у парку Купалы мітынгу ўжо не было — гэта пацвярджаюць і матэрыялы справы, — распавяла Дзіяна. — Але я ўпершыню бачыла суддзю, які не задаваў ніякіх пытанняў, не спрабаваў нічога высветліць. Звычайна яны робяць хаця б бачнасць таго, што спрабуюць разабрацца ў справе. Тут — поўная індэферэнтнасць".

Паседжанне цягнулася хвілін 40. У выніку суддзя Пётр Арлоў не ўбачыў прычын для адмены штрафу і пакінуў прысуд у сіле.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!