966

Суд у Рэчыцы пакараў журналістку Шчыракову, а жыхары горада ўручылі ёй кветкі

14.04.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

13 красавіка суддзя Рэчыцкага  раённага суду Святлана Пырх пакарала гомельскую журналістку-фрылансера  Ларысу Шчыракову штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (690 рублёў) за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат” — паводле часткі 2, артыкулу 22.9 КаАП.

“Пэўна, гэта мне такі “падарунак” ад уладаў, — кажа Шчыракова, — бо 13 красавіка ў мяне акурат дзень народзінаў. Напярэдадні мяне аштрафавалі ў Гомельскім раённым судзе за падрыхтоўку двух сюжэтаў  для “Белсата” і няяўку ў міліцыю на 41 базавую велічыню. Я не лічу сябе вінаватай, бо збіраю і распаўсюджваю інфармацыю на падставе права, якое мне гарантавана Канстытуцыяй, а таксама Міжнародным пактам аб прамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларуссю”.

Пратакол ў дачыненні да журналісткі склаў  25 сакавіка супрацоўнік Рэчыцкага РАУС Сяргей Жураў, які адмыслова прыязджаў дзеля гэтага ў Гомель. У сюжэце “Дом «на курыных лапках» у Рэчыцы. Гэта форменнае свінства” распавядалася аб тым, што жылы будынак на вуліцы Войкава ў Рэчыцы ўзвялі яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Амаль шэсць гадоў таму Рэчыцкі райвыканкам прызнаў яго не прыдатным для пражывання. Аднак у двухпавярховым бараку дагэтуль жывуць каля чатырох дзесяткаў чалавек.

Журналістку абвінавацілі ў тым, што яна, не маючы акрэдытацыі ў беларускім МЗС, рабіла інтэрв'ю з жыхарамі дома  і “тым самым удзельнічала ў падрыхтоўцы і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, размясьціўшы ў раздзеле “Аб’ектыў” замежнага спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”, хоць ні расмясціць, ні трансляваць у эфір аніякія праграмы журналістка, жывучы ў Гомелі, не можа.

У суд Шчыракову прыйшлі падтрымаць нераўнадушныя жыхары Рэчыцы — яны ўручылі  журналістцы букет кветак і торт, а пастанову суддзі Пырх на штраф сустрэлі воклічамі: “Ганьба!”.