393

Суд у Рэчыцы: міліцыі дастаткова рапарта, каб вінаваціць журналіста ў адміністрацыйным правапарушэнні

30.10.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Рэчыцкі раённы суд 30 кастрычніка распачаў разгляд адміністрацыйнага пратакола паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП у дачыненні журналіста-фрылансера Андрэя Мядзведзева.

Андрэй Мядзведзеў, фота deskgram.net

У верасні Андрэй разам з яшчэ адным рэчычанінам патрапіў у сюжэт спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” пад назвай Змагаешся за свае правы —будзь гатовы да ціску з боку праваахоўнікаў”.

У ім гаворка ішла пра жыхара Рэчыцы Дзяніса Барсукова, супраць якога  міліцыя аднавіла закрытую паўгода таму крымінальную справу нібыта за махлярства з тэлефонамі. Сам Барсукоў  перакананы, што закрытая справа адноўлена ў звязку з  ліпенскім канфліктам у мясцовай палікліцы, дзе ён зняў на відэа вялікія чэргі да лекараў. З-за гэтага ў лячэбнай установе ўзнікалі спрэчкі, разбірацца ў якіх даводзілася і міліцыі.  Гараджане наракалі на арганізацыю медычнай дапамогі ў горадзе. Відэаздымкі былі выкладзеныя на YouTube, у некаторых недзяржаўных выданнях.

Сведкам у судзе супраць журналіста выступіў аўтар адміністрацыйнай справы, участковы інспектар Рэчыцкага РАУС Аляксей Цімошчанка.

Суддзя Марыя Кацуба, якая разглядае адміністрацыйную справу, запыталася ў міліцыянта, чаму не апытаны герой відэасюжэту, не высветлена, хто рабіў відэаздымкі?

“У райаддзел міліцыі з УУС Гомельскага аблвыканкама паступіў  рапарт з рэзалюцыяй на складанне пратакола. Я і склаў пратакол”, — патлумачыў  участковы Цімошчанка.

Рапарт паходзіў ад старшага інспектара ўпраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гомельскага аблвыканкама, падпалкоўніка міліцыі Зуева. Ён маніторыў інтэрнэт і выявіў на сайце тэлеканала “Белсат”  вышэйзгаданы відэасюжэт, у кадр якога і патрапіў журналіст Мядзведзеў. Гэтага аказалася дастаткова, каб распачаць супраць журналіста-фрылансера адміністрацыйную справу.

“Улады заўважылі новае імя ў журналісцкай супольнасці рэгіёна і вырашылі прэвентыўна ўжыць адміністрацыйныя захады, каб запужаць і мяне, і ўсіх іншых, хто можа збіраць і распаўсюджваць непадцэнзурную інфармацыю”, — лічыць Андрэй Мядзведзеў.

Суд над журналістам-фрылансерам будзе працягнуты 1 лістапада. На пасяджэнне ў якасці сведкі выклікаюць героя відэасюжэту Дзяніса Барсукова.