976 0

Суд у Пінску пакараў штрафам блогераў, якія вялі анлайн-трансляцыі ў YouTube і Facebook

12.03.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна і яго калегу з Бярозы Аляксандра Кабанава 12 сакавіка выклікалі ў суд Пінскага раёна, дзе разглядалася адміністрацыйная справа паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

Як стала вядома службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, пратакол быў складзены супрацоўнікамі міліцыі на падставе заявы Аляксандра Юнкевіча, юрысконсульта прадпрыемства ЕХIDE, што знаходзіцца ў Пінску.

Аляксандр Юнкевіч патрабаваў прыцягнуць да адказнасці блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава за тое, што яны выклалі ў Інтэрнэт відэа, якія здымалі на прахадной пінскага прадпрыемства. Гэтым, як лічыць юрысконсульт ЕХIDE, Пятрухін і Кабанаў парушылі заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.

Частка 2 артыкула 22.9 КаАП сапраўды ўтрымлівае ўзгадку, што парушэннем з’яўляецца “незаконны выраб і (альбо) распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”, аднак там нічога не гаворыцца, што гэтая адказнасць распаўсюджваецца на прыватныя старонкі ў сацыяльных сетках (напрыклад, YouTube ці Facebook).

Пинский суд фактически приравнял YouTube к СМИ

Паводле слоў Аляксандра Кабанава, падчас знаходжання на прахадной прадпрыемства ў Пінску ён сапраўды здымаў відэа для асабістага акаўнта ў Facebook, а Сяргей Пятрухін рабіў “жывую” трансляцыю на ўласны канал YouTube.

У выніку суддзя палічыў, што відэатрансляцыі блогераў з’яўляюцца матэрыяламі СМІ і пакараў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна штрафам у памеры 40 базавых велічынь кожнага (980 рублёў). Блогеры адразу заявіл пра намер абскарджваць гэтае рашэнне, бо лічаць, што яно абсурднае і не адпавядае беларускаму заканадаўству.

З гэтым пунктам гледжання пагаджаецца і праваабаронца Павел Сапелка. У каментары для службы маніторынгу ГА “БАЖ” ён таксама падкрэсліў, што пастанова суда ў чарговы раз дэманструе пераслед за распаўсюд інфармацыі ў Беларусі, а гэта не адпавядае міжнародным абавязкам нашай краіны ў галіне правоў чалавека.

Каментары