208

Суд у Гомелі пакінуў у сіле 15 "сутак" Ціханоўскаму. У любы момант блогера могуць арыштаваць

07.02.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельскі абласны суд 7 лютага адхіліў скаргу блогера Сяргея Ціханоўскага на  вынесены яму суддзёй Савецкага раёна Гомеля Аляксандрам Мохаравым арышт на 15 сутак за ўдзел у вулічнай акцыі.  

Другі па ліку адміністрацыйны арышт на 15 сутак “вісіць”  над Ціханоўскім  з 10 студзеня , і ў любы прыдатны момант улады  могуць ізаляваць яго на той падставе, што выконваецца судовае рашэнне.

Напрыканцы мінулага года, 27 снежня, Сяргей Ціханоўскі таксама быў зняволены судом Савецкага раёна Гомеля на 15 сутак паводле артыкула 23.34 КаАП — нібыта за удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Абодва пакаранні блогер Ціханоўскі атрымаў за прысутнасць на снежанскіх акцыях пратэсту у Мінску, якія ладзіліся беларусамі на знак пратэсту супраць паглыблення інтэграцыі Расіі з Беларуссю. Тлумачэнні блогера, што ён здымаў акцыі на відэа, а таксама што абарона незалежнасці і суверэнітэту з’яўляюцца канстытуцыйным абавязкам грамадзян, пад увагу суддзямі не браліся.

Гомельскі праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка, які прысутнічаў сёння ў абласным судзе, звяртае ўвагу, што пры абмежаванні грамадзянскіх правоў на суддзях ляжыць абавязак даказаць мэтазгоднасць і прапарцыянальнасць накладзеных абмежаванняў.

“У выпадку з блогерам Ціханоўскім суддзі раённага і абласнога судоў гэты абавязак не выканалі, што сведчыць пра незаконнасць вынесеных пастановаў на пакаранне”, — зазначае Судаленка.

Праваабаронца намераны давесці справу блогера Ціханоўскага, а таксама іншых грамадзян, якія ўдзельнічалі ў мірных вулічных акцыях у абарону суверэніту краіны і былі пакараныя праз суды арыштамі альбо штрафамі, да Камітэта ААН па правах чалавека. 

Праваабаронца перакананы, што міліцыя, складаючы пратаколы, і суды, якія выносяць пастановы на пакаранне, масава парушаюць правы грамадзян на мірныя сходы і выказванне меркавання, у тым ліку і  на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!