189

Суд у Гомелі: незалежным СМІ месца на пасяджэннях бракуе

14.04.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

З 12 красавіка ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля праходзіць суд над даверанымі асобамі і сябрамі ініцыятыўнай групы экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Хоць працэс адкрыты, незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў у залу суда не прапускаюць.

Чарга не прывяла незалежных журналістаў на гучны працэс

За кратамі ў судовай клетцы чацвёра: Юрый Уласаў, Таццяна Канеўская, Аляксандр Шабалін і Дзмітрый Івашкоў. Іх абвінавачваюць у "масавых беспарадках", а таксама планах захопу адміністрацыйных будынкаў (паводле  ч.1 арт. 13, ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 292 Крымінальнага кодэкса). Апроч таго, Уласаў мае адказваць яшчэ паводле арт. 369 КК і за абразу прадстаўнікоў улады.

Афіцыйна суд не закрыты. Аднак журналістаў незалежных СМІ, у адрозненне ад дзяржаўных медыярэсурсаў, на пасяджэнні не дапускаюць.

Гэтаксама не пускаюць палітыкаў і валанцёраў, што прыйшлі падтрымаць арыштантаў з "каманды Ціханоўскай". Супрацоўнікі суда спасылаюцца на абмежаваную колькасць месцаў у судовай зале і лютаванне каранавіруса. На працэсе дазваляюць прысутнічаць толькі па аднаму сваяку абвінавачаных.

12 красавіка, прастаяўшы ў чарзе каля гадзіны, у судовую залу так і не змаглі патрапіць журналісты з "Народнай Волі", “Беларускага Радыё Рацыя", Onliner, "Сильных новостей" ды іншых.

Інспектары рэгіструюць прадстаўнікоў незалежных СМІ, раяць пачакаць, а пасля заяўляюць, што вольных месцаў у зале судовых пасяджэнняў няма, альбо наогул не даюць ніякай інфармацыі. Журналістам не дазваляюць здымаць нават чаргу ў холе.

Міліцыя вядзе двухступеневы дагляд. У холе правяраюць людзей і рэчы з прымяненнем адмыслова ўсталяванага металадэтэктара, а на чацвёртым паверсе непасрэдна перад залай пасяджэнняў — яшчэ адзін міліцэйскі кантроль.

Грамадскія актывісты зрабілі запісы ў кнізе заўваг і прапаноў, што суд не забяспечвае публічнасць разгляду крымінальнай справы, распачатай на тле правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

Журналіст газета "Народная Воля", сябра Камісіі па этыцы ГА "БАЖ" Анатоль Гатоўчыц, каб сустрэцца з намеснікам старшыні суда Алегам Шапірам, мусіў двойчы праходзіць дагляд, у тым ліку з фізічным абмацваннем кішэнь вопраткі і цела. Забаранілі нават мець пры сабе дыктафон, а толькі асадку і блакнот.

Журналіст згадвае, што яму даводзілася бываць у абласным, Вярхоўным судах Беларусі, у парламентах і міністэрствах Літвы, Германіі, Швецыі, Даніі і нават у штаб-кватэры НАТА ў Бруселі — але нідзе такіх "турэмных" даглядаў не было.

"Супрацоўніца канцылярыі суда правяла нас з палітыкам Васілём Паляковым на трэці паверх. Васіля, каб ён дачакаўся, пакуль прынясуць кнігу заўваг і прапаноў, мяне — на прыём да намесніка старшыні суда, паколькі старшыня Таццяна Адрыбец была занятая", — згадвае Анатоль.

Паводле слоў журналіста, нечакана з чацвёртага паверха спусціўся міліцэйскі падпалкоўнік (прозвішча сваё назваў невыразна, а паўтарыць адмовіўся) і заявіў, што “ніякімі дыктафонамі і фотаапаратамі ў будынку суда карыстацца нельга”.  Калі яму патлумачылі, чаму тут аказаліся, падпалкоўнік загадаў вярнуцца ў хол на першы паверх.   

"Будзеце затрыманыя за непадпарадкаванне", — стаў пагражаць падпалкоўнік і загадаў сяржантам праз запасны выхад вывесці журналіста і палітыка на першы паверх у хол.

"Хвілін праз пятнаццаць я ў другі раз праходзіў прыдзірлівую працэдуру дагляду. Мне было важна сустрэцца хоць і з намеснікам кіраўніка суда, каб пачуць, чаму нечакана запанавала выбарачнае абмежаванне на прысутнасць журналістаў на грамадска значным працэсе, — кажа Анатоль Гатоўчыц. — Алег Шапіра распавёў, што парадкі кантролю ў будынку суда вызначае Дэпартамент аховы МУС. Кіраўнікі судоў, па сутнасці, толькі падпісваюць інструкцыю. Самая вялікая зала суда Чыгуначнага раёна насамрэч невялікая. Апроч таго, існуе пастанова Пленума Вярхоўнага суда і адпаведны ведамасны загад наконт засцярогі ад CОVID-19”.                   

Прапанову журналіста мець у такім разе прэс-цэнтр альбо ладзіць грамадска значныя суды ў больш прасторным будынку абласнога суда, як гэта рабілася па справе "француза з патронам" Жаляна Віё, намеснік старшыні суда назваў слушнай, але зазначыў, што не ўсё ад яго залежыць.На наступны дзень пасля гэтай размовы журналістаў незалежных СМІ зноў не прапусцілі на працэс "чацвёркі" Ціханоўскай.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!