614

Суд у Гомелі: "Калі закрываюць каналы, незалежныя рэсурсы, то дзе нам браць праўдзівую інфармацыю?"

24.05.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч 24 траўня пакараў журналістаў-фрылансераў, сябраў ГА "БАЖ" Яўгена Меркіса і Ларысу Шчыракову буйнымі штрафамі — кожнага на 725 рублёў. Суд над журналістамі праходзіў адзін за адным.

За працу без акрэдытацыі Яўген Меркіс і Ларыса Шчыракова прызнаныя вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ, якая была распаўсюджаная беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканалам "Белсат".

Адміністрацыйныя пратаколы паводле ч. 3 арт. 23.5 КаАП на журналістаў склаў участковы міліцыянт Цэнтральнага РАУС Арцём Жаўняк. Дакументы па змесце ідэнтычныя.

У пратаколе гаворыцца, што "18 сакавіка ў перыяд часу з 13:22 да 14:58   Меркіс (Шчыракова), знаходзячыся на праспекце Леніна каля дома 10, у парушэнне артыкула 35 Закона "Аб сродках масавай інфармацыі" фактычна выконваў (ла) у апаведнасці з п. 6 закона функцыі журналіста замежнага СМІ без акрэдытацыі ў МЗС РБ, злоўжываў (ла) правамі і з парушэннем абавязкаў журналіста, прадугледжаных п.п. 2.4.6 ажыццяўляў (ла) інтэрв'юраванне мінакоў...".  Вокс-популі на тэму "Што для вас свабода?" быў паказаны на "Белсаце" 25 сакавіка, у Дзень Волі.

Яўген Меркіс хадайнічаў, каб суд вёўся на беларускай мове — дзеля "сведчання прафесіяналізму", і каб былі дазволены відэаздымкі працэсу. Аднак суддзя Кармановіч адхіліў гэтыя хадайніцтвы.

Вінаватым сябе Меркіс не прызнаў, патлумачыўшы, што не вырабляў відэаролік і не распаўсюджваў прадукцыю СМІ, як пазначана ў міліцэйскім пратаколе. Гэта функцыя тэлеканала "Белсат".

Ларыса Шчыракова заявіла адвод суддзі Кармановічу на той падставе, што лічыць адміністрацыйную справу палітычна матываванай, а пакаранне прадвызначаным яшчэ да пасяджэння.

Пасля невялікага перапынку з выхадам у дарадчы пакой суддзя адхіліў адвод і працягнуў разглядаць адміністрацыйную справу ў дачыненні  журналісткі па сутнасці.

Шчыракова таксама віну не прызнала. Зазначыла, што мікрафон не трымала, пытанняў гараджанам не задавала, бо была на праспекце з відэакамерай. "Белсату" відэаматэрыял не накіроўвала, а змясціла на YouTube-канале "Гомельская вясна". Акрэдытацыя ў МЗС ёй не патрэбная, бо яна не працуе на замежныя СМІ.

"Я не распаўсюджвала інфармацыю, а толькі збірала яе. А збор інфармацыі з'яўляецца маім правам, якое гарантавана беларускай Канстытуцыяй. Улада мусіць забяспечыць гэтае маё права, а не пазбаўляць яго. Журналістыка не можа быць злачынствам ці нават правапарушэннем.  Прапаную пакараць участковага Жаўняка за такі неадпаведны пратакол, а адміністрацыйную супраць мяне спыніць. Мяне абурае, што я, законапаслухмяны чалавек, стаю перад судом і апраўдваюся за абсалютна законную дзейнасць", — зазначыла Шчыракова.

Суддзя Кармановіч патлумачыў, што не можа выходзіць за межы тых абставінаў, якія пазначаныя ў адміністрацыйнай справе. Што тычыцца "Жаўнякоў" ды іншых, параіў звяртацца туды, куды адказчыца лічыць патрэбным. І, не выходзячы ў дарадчы пакой, абвясціў: штраф 25 базавых велічынь, што складае цяпер 725 рублёў.

Падтрымаць журналістаў у суд прыйшлі каля двух дзясяткаў гамельчукоў. Сталага веку гараджанка Наталля Лункевіч патлумачыла свой прыход гэтак:

"Калі закрываюць каналы, незалежныя рэсурсы, то дзе нам браць праўдзівую інфармацыю? БТ ужо немагчыма ні глядзець, ні слухаць. Я запісваю, хто і за што судзіць.Таму і прыходжу на такія суды".

Прадстаўнік БХК у рэгіёне Віктар Адзіночанка таксама прысутнічаў на судах супраць незалежных журналістаў.

"Ідзе зачыстка грамадскага ды інфармацыйнага поля. Сённяшнія суды — гэта толькі частка агульнага ціску на журналістаў і непадкантрольныя дзяржаве інфармацыйныя рэсурсы. Незалежная журналістыка дае хоць якую інфармацыю пра рэальную сітуацыю ў Беларусі, таму супраць яе ўлады і змагаюцца", — сказаў карэспандэнту службы маніторынгу ГА "БАЖ" праваабаронца Адзіночанка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!