НЕ - ВАЙНЕ!
467

Суд у Брэсце пакараў рэдактара газеты “Царква” арыштам на 15 сутак

05.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу БАЖ

Краязнаўцу і рэдактара газеты “Царква” Ігара Бараноўскага затрымалі 2 лістапада і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста.

У другой палове дня 4 лістапада Ігара Бараноўскага адвезлі ў суд, дзе яму прад'явілі абвінавачанне паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Як высветлілася, справа тычылася допісу на Facebook-старонцы газеты “Царква”, зробленага ў траўні 2021 года. Допіс утрымліваў відэа з тэлеканала “Белсат”. Прадукцыя гэтага медыя была прызнана ўладамі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” толькі ў ліпені 2021 года.

Тым не менш суддзя Ленінскага раёна Брэста Андрэй Грушко пакараў Ігара Бараноўскага адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.

У кастрычніку 2020 года рэдактара газеты “Царква” затрымлівалі нібыта “за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” на вуліцы Савецкай у Брэсце. Ігар Бараноўскі віны не прызнаў, тлумачыў, што не браў удзел у вулічнай акцыі, а ішоў у госці да сястры. Паводле двух складзеных пратаколаў тады Ігар Бараноўскі адсядзеў 30 сутак у Брэсце і Століне.

У ліпені 2021 года на рэдактара газеты “Царква” склалі адразу 12 пратаколаў адміністрацыйных за распаўсюд у сацыяльных сетках “экстрэмісцкіх” спасылак на “Белсат”. Пратаколы некалькі разоў накіроўвалі з суда ў міліцыю на дапрацоўку і нарэшце справу зачынілі.    

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!