696

Суд у Брэсце пакараў мясцовага відэаблогера Дзмітрыя Гарбунова арыштам на 10 сутак

04.05.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Справа Гарбунова разглядалася на працягу двух дзён (2 і 3 траўня) у судзе Ленінскага раёна Брэста, у выніку ён быў абвінавачаны ў непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і на падставе артыкула 23.4 Кодэкса  аб адміністратыўных правапарушэннях суддзя Дзмітрый Шурын вынес пастанову аб арышце блогера.

Падчас судовага працэсу Дзмітрый Гарбуноў сцвярджаў, што не адчыніў дзверы незнаёмай асобе ў цывільным адзенні, які казаў, што з’яўляецца ўчастковым інспектарам міліцыі.

Сведкамі ў судзе выступілі ўчастковыя Ленінскага РАУС Брэста Валерый Кандрацюк і Георгій Войтка, якія распавядалі, што раніцай 1 траўня спрабавалі даставіць Гарбунова ў пастарунак для тлумачэнняў, аднак той не адчыніў дзверы. Паводле версіі Кандрацюка, 30 красавіка на агароджы аднаго з будынкаў на вуліцы Савецкай у Брэсце быў знойдзены плакат з надпісамі і меўся сведка, які сцвярджаў, што да гэтага плаката можа мець дачыненне Дзмітрый Гарбуноў.

У адказ Гарбуноў запярэчыіў, што 30 красавіка практычна ўвесь дзень знаходзіўся дома і не пусціў чалавека, які назваўся ўчастковым, бо той быў у цывільным адзенні. Міліцыянты на судзе сцвярджалі, што падчас візіту да блогера былі апранутыя ў форму. Аднак прагледжаны на судовым пасяджэнні відэазапіс даказвае, што адзін з іх дакладна быў у цывільным адзенні.

Па словах Гарбунова, калі б супрацоўнік міліцыі быў у форме, ён адчыніў бы дзверы. Тым не менш суддзя Шурын палічыў віну блогера даказанай і за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў пакараў абвінавачванага адміністратыўным арыштам на 10 сутак. Раней Дзмітрый Гарбуноў, які асвятляў 5 сакавіка “Марш недармаедаў” у Брэсце, ужо быў пакараны як удзельнік несанкцыянаванай акцыі арыштам на 15 сутак.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!