356

Суд у Брэсце ізноў аштрафаваў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву “за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі”

22.04.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Новая справа ў дачыненні сябраў ГА “БАЖ”, журналістаў-фрылансераў Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай слухалася ў судзе Брэсцкага раёна, пры гэтым рашэнне старшыня суда Сяргей Маручэк прыняў з трэцяй спробы і без удзелу саміх журналістаў.

Раней суддзя двойчы вяртаў складзены супрацоўнікамі Брэсцкага РАУС Сяргеем Максімовічам і Андрэем Грыгаруком адміністрацыйныя пратаколы на дапрацоўку. У выніку Ляўчука і Харытонаву абвінавацілі паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП і  пакаралі штрафам на 50 базавых велічынь (1275 рублёў) кожнага.

Падставай для пакарання стаў відэасюжэт, падрыхтаваны для тэлеканала “Белсат”, у якім распавядалася пра праблемы жыхароў вёскі Велюнь Брэсцкага раёна.

Пра рашэнне суда, прынятае 18 красавіка, журналісты даведаліся з паведамлення па электроннай пошце, бо не бяруць удзел у судовых працэсах, паколькі лічаць іх палітычна матываванымі.

Таксама на мінулым тыдні Брэсцкі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай на рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста, паводле якога журналісты мусяць сплаціць штраф агулам на 3060 рублёў за сюжэты для тэлеканала “Белсат”, знятыя сёлета ў студзені.   

У 2018 годзе адміністрацыйныя справы ў дачыненні журналістаў-фрылансераў Ляўчука і Харытонавай паводле артыкула 22.9 КаАП разглядаліся шэсць разоў, а з пачатку гэтага года — ужо пяць.

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца) АБНАЎЛЯЕЦЦА