579

Суд у Брэсце арыштаваў блогера Аляксандра Кабанава на 15 сутак

18.06.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Адміністрацыйная справа вядомага блогера, які зараз з’яўляецца прэс-сакратаром ініцыятыўнай групы па вылучэнню кандыдатам ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, разглядалася 17 чэрвеня ў судзе Брэсцкага раёна.

Як мы паведамлялі раней, Аляксандр Кабанаў 15 чэрвеня быў затрыманы пасля наведвання лекара (блогер нядаўна перахварэў на COVID-19) і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста.

Паколькі на наступны дзень блогер заявіў хадайніцтва пра ўдзел у працэсе адваката, разгляд справы паранеслі з 16 на 17 чэрвеня. Пры гэтым Аляксандра Кабанава не адпусцілі з-пад варты, а зноў адвезлі ў ізалятар.

У часе судовага пасяджэння высветлілася, што на блогера быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле часткі 3 артыкула 23.34 КаАП — нібыта за відэазварот, які ўтрымліваў заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Брэсце, звязаным з будаўніцтвам у горадзе акумулятарнага завода.

Аляксандр Кабанаў патлумачыў, што так і не здолеў азнаёміцца з матэрыяламі справы падчас знаходжання ў ізалятары,а замест яго адваката яму прапанавалі іншага. Таму блогер падчас суду заклікаў правесці праверку наконт перашкод у праве на абарону. Яшчэ высветлілася, што ў адміністрацыйнай справе няма пратакола затрымання — толькі копія, а таксама ёсць іншыя недакладнасці.

Аднак старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак, заслухаўшы тлумачэнні ўчастковага інспектара міліцыі Сяргея Максімовіча (той распавёў, што Аляксандр Кабанаў адмовіўся атрымліваць пратакол), палічыў, што вяртаць матэрыялы справы на дапрацоўку не варта.

Па сутнасці справы Аляксандр Кабанаў распавёў, што ў сваім відэароліку заклікаў людзей усяго толькі “пакарміць галубоў” на плошчы. Ён заявіў, што мае права крытыкаваць дзеянні ўладаў, бо свабода выказванняў гарантаваная Канстытуцыяй.

Далей у судовым працэсе па просьбе Аляксандра Кабанава быў зроблены перапынак, бо блогер паведаміў, што не зусім добра адчувае сябе пасля перанесенага каранавірусу. Пасля перапынку і прагляду відэазапісу суддзя Сяргей Маручак вынес пастанову, паводле якой Аляксандр Кабанаў прызнаны вінаватым і пакараны арыштам на 15 сутак.

Разам з тым суд вынес таксама прыватнае вызначэнне аб выпраўленні выяўленых істотных працэсуальных парушэнняў з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!