387

Суд спыніў справу супраць журналіста — міліцыя не мела доказаў

02.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Рэчыцкі раённы суд 1 лістапада спыніў адміністрацыйную справу паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП супраць журналіста-фрылансера Андрэя Мядзведзева. 

Суддзя Марына Кацуба, якая разглядала дасланы з міліцыі пратакол, прыйшла да высновы, што няма доказаў віны журналіста наконт вырабу прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для замежнага тэлеканала.

Адміністрацыйны пратакол у дачынені Мядзведзева  склаў  участковы  інспектар Рэчыцкага РАУС Аляксей Цімошчанка. У верасні журналіст разам з яшчэ адным рэчычанінам патрапіў у сюжэт спрадарожнікавага тэлеканала “Белсат” пад назвай “Змагаешся за свае правы – будзь гатовы да ціску з боку праваахоўнікаў”. У ім распавядалася пра жыхара Рэчыцы Дзяніса Барсукова, супраць якога  міліцыя аднавіла закрытую паўгода таму крымінальную справу. Як перакананы герой сюжэта, справа адноўленая ў звязку з ягоным нашумелым відэа пра хібы медычнага абслугоўвання ў горадзе, канфлікты з-за вялікіх чэргаў, у якіх разбіралася міліцыя.

Участковы Цімошчанка не стаў высвятляць, хто зняў сюжэт пра Барсукова. Дастаткова было пабачыць у кадры  журналіста Мядзведзева. Не стаў шукаць сведкаў, не апытаў нават героя відэасюжэту, каб высветліць абставіны здзяйснення правапарушэння.

“Быў атрыманы матэрыял з Гомельскага УУС. Начальнік адпісаў мне для выканання. У інтэрнэце маецца відэаролік, які з’яўляецца прадукцыяй СМІ. Такім чынам у дзеяннях Мядзведзева было ўстаноўлена адміністрацыйнае правапарушэнне”, – тлумачыў на першым пасяджэнні суда ўчастковы Цімошчанка, выкліканы ў суд як сведка.

 “А чым пацвярджаецца віна Мядзведзева?”, – запыталася суддзя.

“Папярэдне атрыманай інфармацыяй, перададзенай з Гомельскага УУС. З рапарта”.

У раздрукоўцы, дасланай з абласной міліцыі, сюжэт падпісаны: Міхась Ільін. Суддзя пацікавілася: “Міхась Ільін – гэта хто?”

 “ Міхась... Міхась... Я  не ведаю”, – блытаўся міліцыянт.

Суддзя Кацуба з уласнай ініцыятывы выклікала 1 лістапада ў суд Дзяніса Барсукова. Той засведчыў, што Андрэй Мядзведзеў не здымаў яго, а толькі быў з ім і чытаў паперы.

“Тут якраз падышлі нейкія людзі і знялі нас”, – дадаў Барсукоў.

Рапарт і раздрукоўкі з УУС Гомельскага аблвыканкама дасланыя ў Рэчыцкі райаддзел міліцыі старшым інспектарам упраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі, падпалкоўнікам міліцыі Зуевым. Ён маніторыў інтэрнэт і выявіў на сайце польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”  вышэйзгаданы відэасюжэт, у кадры якога і патрапіў журналіст Мядзведзеў. Гэтага аказалася дастаткова, каб распачаць супраць журналіста-фрылансера адміністрацыйную справу, якую і спыніў Рэчыцкі раённы суд.

“Я заўважыў, – сказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Мядзведзеў, – што суд намагаўся зрабіць працу  за міліцыю – сам заняўся зборам доказаў, каб высветліць, вінаваты я ці не. Дзякаваць богу, логіка і факты ўзялі верх. Хачу парадавацца і за “Белсат” як за ўплывовы тэлеканал. Улады глядзяць за ім на ўсе вочы, нават і мяне згледзелі”.

Андрэй Мядзведзеў перакананы, што міліцыя і яе кансультанты вырашылі прэвентыўна ўжыць адміністрацыйныя захады, каб запалохаць і яго, і ўсіх іншых, хто можа збіраць і распаўсюджваць непадцэнзурную інфармацыю.