968

Суд спыніў справу супраць брэсцкага фрылансера Яўгена Скрабца

04.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Пра гэта Яўген Скрабец даведаўся ўчора з пастановы суда, якую атрымаў па пошце. У лісце паведамляецца, што такое рашэнне 18 лютага прыняла суддзя Маскоўскага раёна Брэста Раіса Лабачэўская. Паводле яе тлумачэння, справа спыненая ў сувязі са “сканчэннем тэрмінаў накладання адміністрацыйнага спагнання”.

Адміністрацыйная справа ў дачыненні брэсцкага журналіста-фрылансера Яўгена Скрабца была распачатая ў снежні 2018 года на падставе публікацыі “Выстава “Вечнасць і момант. 1918—1939 — Польшча моцная архітэктурай”.

Паводле пратакола, Скрабец парушыў артыкул 22.9 КаАП, бо “злоўжываў правам і абавязкамі журналіста, вырабіў прадукцыю сродку масавай інфармацыі ў выглядзе інфармацыйнага тэкставага паведамлення на сайце “Радыё Рацыя”.

4 лютага суддзя Маскоўскага раёна Брэста Раіса Лабачэўская заявіла, што ў пратаколе няма спасылкі на канкрэтную частку артыкула 22.9 КаАП, а таму вярнула справу на дапрацоўку ў міліцыю. Такім чынам судовае пасяджэнне было перанесена, а зараз выйшлі тэрміны, на падставе якіх Яўгена Скрабца можна было прыцягнуць да адказнасці паводле гэтага адміністрацыйнага пратакола.

У мінулым годзе Яўген Скрабец быў тройчы аштрафаваны за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі і агулам пакараны на 65 базавых велічынь (1 592,5 рублі).

#праванаінфармацыю
#pravanainfo