462

Суд працягнуў знаходжанне пад вартай для журналіста Паўла Падабеда да 26 чэрвеня

07.06.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, справу відэааператара Паўла Падабеда перадалі ў Мінскі гарадскі суд. Паколькі ў пачатку чэрвеня заканчваўся чарговы двухмесяцовы адрэзак пад вартай, гэты тэрмін працягнулі амаль да канца месяца.

Хутка паўгода, як Павел Падабед за кратамі. У адным з апошніх лістоў на волю паведаміў, што ў дачыненні да яго мера стрымання пад вартай у мінскім СІЗА № 1 аўтаматычна «абнулялася» 3 чэрвеня. Таму Мінскі гарадскі суд, куды ўжо паступілі матэрыялы справы, са свайго боку працягнуў гэты тэрмін да 26-га. 

Паўла Падабеда затрымалі сёлета 20 студзеня. На падставе старых рэпостаў у сацсетках за 2012 год праваахоўнікі абвінавацілі яго ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — нягледзячы на тое, што на той момант падобных статусаў у незалежных медыярэсурсаў папросту не існавала. 

Першапачаткова суд пакараў журналіста, які супрацоўнічаў з шэрагам незалежным СМІ, 15 суткамі арышту паводле арт. 19.11 КаАП з адбыццём у ІЧУ Мінскага раёна.  
 
Аднак напярэдадні меркаванага вызвалення яго забралі на допыт, пасля чаго перавялі ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. І ўжо там інкрымінавалі арт. 361-1, ч. 3 Крымінальнага кодэкса — «уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)». 

Санкцыя прадугледжвае абмежаванне волі да 4 гадоў альбо накіраванне ў папраўчую калонію на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.

Акрамя таго, з копіі пастановы на арышт аўтамабіля Паўла Падабеда, экспертыза і ацэнка якога праводзіліся яшчэ на пачатку сакавіка, вынікала, што журналіст «удзельнічаў у несанкцыянаваных акцыях/дзеяннях 14 ліпеня 2020 года і ў наступныя дні».

Акурат тады адбываліся пратэсныя акцыі супраць рашэння Цэнтрвыбаркама Беларусі адмовіць у рэгістрацыі прэтэндэнтам на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі ўжо арыштаванаму экс-банкіру Віктару Бабарыку і колішняму кіраўніку Парка высокіх тэхналогій Валерыю Цапкалу. 

Незалежныя і дзяржаўныя СМІ актыўна асвятлялі перадвыбарчыя падзеі, таму знаходжанне на вуліцы відэааператара Паўла Падабеда цалкам лагічнае. Ці далучылі ўрэшце гэтыя эпізоды да канчатковага варыянту справы — дакладна невядома. Паводле наяўнай інфармацыі пакуль што журналіст праходзіць абвінавачаным толькі за «экстрэмізм».   

Маральна Павел Падабед падрыхтаваны да несуцяшальнага для сябе судовага выраку і ў такім выпадку збіраецца падаваць апеляцыю ў вышэйшую інстанцыю.   

У траўні Павел Падабед адзначыў 44-ы дзень нараджэння, быў усцешаны, што атрымаў вялікую колькасць паштовак і пасылак, у тым ліку ад зусім незнаёмых людзей. Адзначаў, што такія рэчы дапамагаюць захаваць веру на фоне татальнай несправядлівасці. Адзінае, перажывае, што не ўсіх змог аддзячыць за бандэролі: ахоўнікі ізалятара не давалі зафіксаваць адрас.       

Павел Падабед больш за два дзясяткі гадоў у якасці фатографа і відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі, не маючы праблем з законам. Але пасля драматычных падзей 2020-га здарылася цэлая хваля нейтралізацыі такіх хранікёраў: сілавікі паслядоўна схапілі ягоных калег Алеся Любенчука, Івана Мураўёва, Вячаслава Лазарава. 

Усіх іх праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі вязнямі і звязала пераслед з прафесійнай дзейнасцю.  

Чытайце яшчэ:

У палітзьняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай памерла маці

Фактчэкінг у карыстальніцкім (і не толькі) кантэнце: прапануем інструкцыю, як раскрываць фэйкі

Ціхае рэха трагічнай рэчаіснасці. Што не так у Вялікабрытаніі, Галандыі і Швейцарыі з медыятэкстамі пра Беларусь?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!