1250

Суд пра знявагу ў сацсетках: працяг 17 чэрвеня

06.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Дыфамацыя

У панядзелак у судзе Мінскага раёна адбылося другое пасяджэнне па адміністрацыйнай справе пра знявагу ў сацыяльных сетках (арт. 9.3 КаАП).

Жыхарка Бараўлян Алена Максімава і яе адвакат не задаволеныя якасцю міліцэйскага пратакола і хадайнічалі пра адпраўку дакумента да дапрацоўку. Суддзя Сяргей Ткачук, між тым, вырашыў проста запрасіць на наступнае пасяджэнне 17 чэрвеня міліцыянта, які складаў дакумент.

Нагадаем: жыхарку Бараўлян Алену Максімаву падазраюць у знявазе намесніка начальніка ЖКГ Мінскай вобласці Валерыя Хахлова ў групе ВКонтакте «Боровляны – Защита Леса». Пратакол па арт. 9.3. КаАП склала ў пачатку мая РАУС Мінскага раёна па заяве пацярпелага.

У групе абмяркоўваўся канфлікт, звязаны з пракладкай ліўневай каналізацыі праз стары лес у Бараўлянах. Жыхары Бараўлян пратэстуюць супраць гэтага і 28 красавіка блакавалі праезд лесапільнай тэхніцы. На месца канфлікту прыязджаў Валерый Хахлоў, які пераконваў жыхароў адмовіцца ад сваіх планаў. Сітуацыя абмяркоўвалася ў групе ВКонтакте, у тым ліку Аленай Максімавай.

Праваабаронцы, якія маюць доступ да матэрыялаў справы, заўважылі шэраг парушэнняў пры іх падрыхтоўцы. У прыватнасці, не даследаваўся тэлефон, з якога жанчына нібыта зрабіла запіс ВКонтакте; не праводзілася лінгвістычная экспертыза спрэчнага выказвання (да таго ж, выдаленага); у пратаколе не ўказана, якімі канкрэтна словамі ці фразамі зняважаны заяўнік.