1627

Суд пастанавіў канфіскаваць у кнігарні “ЛогвінаЎ” 961 мільён рублёў «незаконнага прыбытку»

09.01.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Эканамічны суд г. Мінска пастанавіў спагнаць з прыватнай кнігарні “ЛогвінаЎ” штраф у памеры 30 базавых велічыняў і канфіскаваць “незаконна атрыманы прыбытак” – 961 мільён рублёў.

Такое рашэнне суддзя Сяргей Кулакоўскі агучыў па выніках слуханняў 9 студзеня. Ён прызнаў віну прадпрыемства ў “незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці” (арт. 12.7 ч.2 КаАП) – продажы кніг без рэгістрацыі ў Мінінфармацыі.

У ходзе судовага пасяджэння прадстаўнікі кнігарні даводзілі, што неаднаразова звярталіся па рэгістрацыю ў Мінінфарм, і падкрэслівалі, што не лічаць сябе вінаватымі. Яны таксама заяўлялі хадайніцтва пра далучэнне да матэрыялаў справы фінансавых дакументаў, якія пацвердзілі б выдаткі кнігарні і даказалі, што сума амаль у мільярд рублёў з’яўляецца выручкай, а не прыбыткам прадпрыемства. Суддзя адхіліў хадайніцтва.

У сваю чаргу, прадстаўнік падатковай інспекцыі Цэнтральнага раёна заявіў, што лічыць віну даказанай і бачыць відавочны намер у “незаконных дзеяннях” кнігарні.

Уладальнік прадпрыемства Ігар Логвінаў будзе абскарджваць судовае рашэнне на працягу 10 дзён, хаця і не мае асаблівых спадзяванняў на яго адмену:  

- Сённяшняе рашэнне падкрэслівае абсурднасць беларускага заканадаўства. Бо нідзе ў свеце немагчыма забараніць прадаваць кнігі. Калі нашы ўлады імкнуцца забараніць продаж кніг, то, магчыма, у вельмі хуткім часе людзі могуць пачаць баяцца іх чытаць, а бібліятэкі стануць небяспечнымі месцамі. Магчыма, гэтага і дамагаецца беларуская ўлада, каб цалкам кантраляваць інфармацыйны рынак краіны.

Паводле Ігара Логвінава, калі судовае рашэнне не будзе адмененае, не выключана, што прадпрыемству давядзецца прайсці працэдуру банкруцтва. У памяшканні кнігарні «ЛогвінаЎ» з 1 студзеня ўжо працуе іншая юрыдычная асоба.

Адметна, што пасяджэнне 9 студзеня праходзіла ў судовай залі, дзе змясціліся каля двух дзясяткаў журналістаў. Слуханні ж у панядзелак 5 студзеня адбываліся ў маленькім кабінеце самога суддзі, куды трапілі толькі двое журналістаў. Тады прадстаўнікоў СМІ ў судзе запэўнівалі, што большага памяшкання не маюць.

Нагадаем: у снежні 2014 года ў кнігарні «ЛогвінаЎ» падатковая інспекцыя Цэнтральнага раёна Мінска правяла пазапланавую праверку, у выніку чаго нібыта выявіла шэраг парушэнняў, а ўсю гадавую выручку кнігарні – амаль 1 мільярд беларускіх рублёў – залічыла за незаконны прыбытак. Спаганяюць гэтую суму праз суд.

Асноўная прэтэнзія падаткавікоў у тым, што прыватнае прадпрыемства «ЛогвінаЎ» так і не было ўключанае ў створаны ў 2014-м годзе дзяржаўны рэестр распаўсюднікаў друкаваных выданняў. Цягам года кнігарня восем разоў звярталася па адпаведную рэгістрацыю ў Міністэрства інфармацыі Беларусі, але кожны раз атрымлівала адмовы. 5 студзеня Ігар Логвінаў паведаміў, што падаў у суд на Мінінфармацыі за нематываваныя адмовы. Але гэты працэс юрыдычна ніяк не звязаны з тым, што адбываецца цяпер.

Перад гэтым Міністэрства інфармацыі пазбавіла ўласніка кнігарні Ігара Логвінава выдавецкай ліцэнзіі за выпуск фотаальбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які амаль праз два гады пасля выхаду чыноўнікі назвалі экстрэмісцкім.