274

Суд пакінуў без задавальнення скаргу журналіста Алега Супрунюка па “экстрэмісцкай справе”

19.10.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Адміністрацыйная справа ў дачыненні Алега Супрунюка тычылася публікацыі, размешчанай на інтэрнэт-партале “Першы Рэгіён” у сярэдзіне лютага 2021 года. У ёй быў фотаздымак, які толькі праз чатыры месяцы (напрыканцы чэрвеня) прызналі “экстрэмісцкім”. Больш таго, яшчэ ў траўні публікацыя са згаданым фотаздымкам была выдаленая з сайта.  

Тым не менш, рэдактар ​​навін сайта “Першы Рэгіён” Алег Супрунюк рашэннем суда Ленінскага раёна Брэста 8 ліпеня быў пакараны за “распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу” паводле артыкула 19.11 КаАП і аштрафаваны на 20 базавых велічынь (580 рублёў).

Журналіст не пагадзіўся з гэтым рашэннем і звярнуўся са скаргай у Брэсцкі абласны суд, але 16 жніўня скарга была адхіленая, і рашэнне пра пакаранне набыло моц.

Алег Супрунюк вырашыў аспрэчыць і гэтую пастанову. Ён накіраваў скаргу на імя старшыні Брэсцкага абласнога суда Антона Гушчына з просьбай вынесці пратэст для адмены пастановы суда Ленінскага раёна Брэста і спыніць справу за адсутнасцю складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Старшыня абласнога суда Антон Гушчын у сваім адказе на скаргу адзначае, што вінаватасць журналіста ў здзяйсненні правапарушэння была даказаная, а аргументы пра невінаватасць Алега Супрунюка суддзя называе “неабгрунтаванымі”.

Таксама старшыня Брэсцкага абласнога суда не знайшоў падчас праверкі  “істотных парушэнняў працэсуальных нормаў, якія цягнуць за сабой адмену пастановы”. Ці былі выяўленыя падчас праверкі “неістотныя” парушэнні, у адказе не паведамляецца.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!