420 0

Суд пакараў экс-міліцыянта за абразу беларускай мовы максымальным штрафам

27.01.2017 Крыніца: Радыё Свабода

27 студзеня Навабеліцкі раённы суд Гомелю разгледеў адміністрацыйную справу супраць былога міліцыянта, супрацоўніка дэпартамэнту аховы МУС Васіля Варушчанкі за публічную абразу беларускай мовы.

Суд прызнаў віну Варушчанкі і аштрафаваў на 10 базавых велічыняў — 230 рублёў. Штраф па гэтым артыкуле максымальны.

Васіль Варушчанка пакінуў камэнтар у пабліку парталу «Сильные новости» ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» наступнага зьместу: «Беларуская мова — гэта труп, што гніе, які ўжо даўно трэба закапаць глыбей!».

Пратакол у дачыненьні былога міліцыянта складзены паводле артыкулу 9.22 КаАП у адміністрацыі Навабеліцкага раёну на патрабаваньне Гомельскага гарвыканкаму. Паспрыяў справе сваім зваротам у гарвыканкам Ігар Случак, гомельскі грамадзкі актывіст, ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску».

«Усе грамадзяне павінны вучыцца паважліва ставіцца да беларускай мовы — мовы тытульнай нацыі», — лічыць спадар Случак. У судзе Васіль Варушчанка папрасіў прабачэньня ва ўсіх, каго абразіў.

«Мэты кагосьці абразіць ня меў. Напісаў проста так, бо не было чаго рабіць».

Яшчэ да пачатку суду Васіль Варушчанка ў прыватнай гутарцы з журналістамі прызнаў сваю віну, сказаў, што гатовы панесьці пакараньне.

Каментары