285

Суд не знайшоў экстрэмізму ў артыкулах “Вечернего Могилёва”

18.12.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Суд Ленінскага раёна Магілёва 18 снежня прыйшоў да высновы, што  публікацыі газеты “Вечерний Могилёв”, у якіх Міністэрства інфармацыі выявіла гамафобныя выказванні, не з’яўляюцца экстрэмісцкімі.

Сваё рашэнне суддзя Аляксандр Бушлякоў вынес, грунтуючыся на заключэнні экспертызы, якую правялі эксперты Упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці.

Згодна гэтаму заключэнню, “у матэрыялах, размешчаных на Інтэрнэт-рэсурсе vecherniy-mogilev.by “Судны дзень. Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны” і “У ва што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў?” выказванняў пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў (дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды) гетэрасексуалаў ў дачыненні да чалавека альбо групы асоб, аб’яднанай па прыкмеце прыналежнасці да гомасексуалаў ці падтрымліваючых падобныя дзеянні, не маецца”.

Сваю выснову супрацоўнікі Упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці агучылі на судзе 18 снежня.

Раней экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму пры Міністэрстве інфармацыі прыйшла да высновы, што два згаданыя вышэй артыкулы, апублікаваныя ў газеце “Вечерний Могилёв” і на сайце выдання ў 2015–2016 гадах, утрымліваюць прыкметы экстрэмізму.

У выніку суд прыняў пад увагу вынікі апошняй экспертызы і адмовіўся задаволіць патрабаванні міліцыі і прыцягнуць “Вечерний Могилёв” да адказнасці.

Разгляд справы супраць газеты “Вечерний Могилёв” у судзе Ленінскага раёна Магілёва распачаўся 8 ліпеня 2019 года.  Ён прыпыняўся некалькі разоў з-за хадайніцтваў юрыста газеты Станіслава Леўчанкі аб правядзенні паўторных экспертыз. У рэшце рэшт газета “Вечерний Могилёв” змагла дамагчыся станоўчага для сябе рашэння суда.

Супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва могуць абскардзіць рашэнне суддзі Бушлякова ў Магілёўскім абласным судзе.

"Вечерний Могилёв" выдаецца з 1992 года, газета выходзіць два разы на тыдзень. Галоўны рэдактар выдання — Надзея Леўчанка. Газета неаднаразова трапляла ў скандалы ў сувязі са сваімі публікацыямі, скіраванымі супраць прадстаўнікоў ЛГБТ.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!