846

Суд не задаволіў скаргі ўдзельнікаў флэшмобу з пустымі аркушамі паперы, што ладзіўся ў падтрымку журналістаў

26.05.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "БАЖ"

Чатыры грамадскіх актывіста 1 траўня прыйшлі да кінатэатра “Беларусь” на пешаходнай вуліцы Савецкай у Брэсце і разгарнулі пустыя аркушы паперы. Такім чынам, яны хацелі выказаць пратэст у сувязі з масавымі затрыманнямі і адміністратыўнымі пакараннямі удзельнікаў мірных акцый (у тым ліку супраць дэкрэта прэзідэнта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”), а таксама ў сувязі з затрыманнямі журналістаў, якія асвятлялі гэтыя акцыі.

Флэшмоб цягнуўся некалькі хвілінаў, пасля чаго тры ўдзельнікі акцыі былі затрыманыя. Іх адвезлі ў Ленінскі РАУС Брэста, і да суду змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 2 траўня суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў затрыманых вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве паводле частцы 1 артыкула 23.34 КаАП РБ. Уладзімір Казлоўскі быў арыштаваны на 10 сутак, Інга Абрамава аштрафаваная на 10 базавых велічыняў (230 рублёў), Аляксей Самайлюк - на 15 базавых велічыняў (345 рублёў).

Уладзімір Казлоўскі, Інга Абрамава і Аляксей Самайлюк прасілі адмяніць пастанову суда, які пакараў іх арыштамі і штрафамі, аднак Брэсцкі абласны суд адхіліў пакінуў пакаранне ў сіле.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!