НЕ - ВАЙНЕ!
2402

Суд не падтрымаў Судаленку і стаў на бок “Белорусской военной газеты”

17.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суд Цэнтральнага раёна Мінска адхіліў пазоў праваабаронцы Леаніда Судаленкі да “Белорусской военной газеты”. Такое рашэнне ў пятніцу прыняла суддзя Марына Казлова.

Праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка ў красавіку звярнуўся ў суд з позвай аб прызнанні несапраўднымі і абвяржэнні звестак, распаўсюджаных у “Белорусской военной газете”. Суадказчыкамі ў позве фігуравалі журналіст выдання Уладзімір Кажэўнікаў і дзяржаўная ўстанова “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” (“Белорусская военная газета” – адна з трох рэдакцый, што ўваходзяць у склад агенцтва “Ваяр”).  

Гаворка ішла пра публікацыю ад 10 сакавіка 2016 г. “Кому выгодно порочить белорусскую армию?”. Артыкул тычыўся інцыдэнту з уцёкамі двух жаўнераў з размешчанай у Брэсце вайсковай часткі №92616 з-за збіцця і пагрозаў. Леанід Судаленка тады выступіў ініцыятарам звароту 75 грамадзян да міністра абароны Беларусі з патрабаваннем спыніць нестатутныя адносіны ў беларускім войску.

У публікацыі “Кому выгодно порочить белорусскую армию?” гаварылася, што праваабаронца займаецца “антыармейскай агітацыяй”, “даносамі”, “ганьбіць сваю краіну” і “разбурае грамадства”. (Цытаты можна прачытаць ТУТ).

Судаленка лічыць, што  гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

Ён звяртаўся ў рэдакцыю з прапановай выбачыцца і апублікаваць абвяржэнне, аднак начальнік дзяржаўнай установы “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” палкоўнік Аляксей Пашкевіч вырашыў, што падстаў для гэтага няма.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!