1373

Суд над галоўным рэдактарам «Рэгіянальнай газеты» пачнецца 27 верасня

15.09.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Працэс распачнецца ў судзе Маладзечанскага раёна а 10.30. Да разгляду справы прызначаны суддзя Аляксей Іршын. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». 

Рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча затрымалі сёлета 15 сакавіка пасля ператрусу ў ягоным доме ў Вілейцы і з таго моманту ўтрымліваюць пад вартай. Журналіста вінавацяць у дыскрэдытацыі дзяржавы паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса.

Паводле абвінавачання, Аляксандр Манцэвіч на пасадзе кіраўніка рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты» разам з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года нібыта распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнет-рэсурсах ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць беларускую дзяржаву і яе органы ўлады.

Следства сцвярджае, што «ў артыкулах змяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне ўрону нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаванне ілжывых уяўленняў аб невыкананні ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Аляксандра Манцэвіча палітычным вязнем, зазначыўшы, што затрыманне і крымінальны пераслед рэдактара незалежнага выдання — гэта працяг мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працяг наступу на свабоду слова.

У ліпені 2021 года рэдакцыя «Рэгіянальнай газеты» вымушана прыпыніла выпуск друкаванага выдання і засяродзілася на інтэрнэт-версіі. У студзені 2023 года Мінінфарм на падставе рашэння суда Маладзечанскага раёна ўнёс сайт і тэлеграм-канал «Рэгіянальнай газеты» ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля атакі сілавікоў на рэдакцыю і затрымання галоўнага рэдактара, той жа суд прызнаў «экстрэмісцкім» яшчэ і кантэнт выдання ў сацсетцы «ВКонтакте».

Чытайце яшчэ:

Асцярожна: прапаганда! Ці трэба і як асвятляць прадзяржаўны кантэнт

Перакупленая «Народная воля» перайшла на лукашэнкаўскія пазіцыі

Навіны палітвязьняў: Журналіст Андрэй Аляксандраў за кратамі схуднеў на 40 кг. Яму дазволілі перапісвацца са зьняволенай жонкай

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!