1493

Суд над Эдуардам Пальчысам (Jhon Silver) пройдзе ў закрытым парадку

05.10.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пра гэта напісана ў позве, якую атрымаў Эдуард.

14 кастрычніка Мінскі гарадскі суд пачне разгляд крымінальнай справы заснавальніка і аўтара сайту 1863x.com Эдуарда Пальчыса. Працэс будзе закрытым.

Эдуарда Пальчыса абвінавачваюць у «распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні» (ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу) і «распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў» (ч.2 арт. 343). За «распальванне варожасці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да шасці месяцаў ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, а за «распаўсюд парнаграфіі» — пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 4 гадоў.

Блогер Эдуард Пальчыс, вядомы ў інтэрнэце пад імем «Джон Сільвэр», змяшчаў на сайце 1863х.com, сярод іншага, матэрыялы, у якіх даваліся крытычныя ацэнкі палітыцы Расіі адносна Беларусі і Украіны. На пачатку году Эдуарда Пальчыса арыштавалі ў Расіі і выдалі Беларусі.

"Судовы працэс закрываюць, каб схаваць ганьбу і фіяска следства, пракуратуры і суда... Так што шоў адбудзецца. Але вы яго не ўбачыце", — напісала ў Facebook жонка Эдуарда Вікторыя Пальчыс.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!