162

Суд над Дзмітрыем Паліенкам зрабілі адкрытым. Пракурор адмовіўся ад большасці абвінавачванняў

17.10.2019 Крыніца: "Еўрарадыё"

17 кастрычніка ў Мінску пачаўся суд над актывістам анархістскага руху Дзмітрыем Паліенкам. Ён мусіў праходзіць за закрытымі дзвярыма, паведамляе сайт Amnesty International. Але пасля спробы Паліенкі парэзаць вены ў залі суда на знак пратэсту супраць закрытага працэсу суд зрабілі адкрытым.

Са Змітра Паліенкі, справа якога разглядаецца сёння ў Мінскім гарадскім судзе, знялі абвінавачванні па трох крымінальных артыкулах: за «абразу прадстаўніка ўлады», «распальванне расавай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай нянавісці альбо варажды» і «апаганьванне будынкаў і нанясенні шкоды маёмасці», паведамляе Еўрарадыё.

Першапачаткова Дзмітрыя Паліенку вінавацілі па чатырох артыкулах (пяці эпізодах) Крымінальнага кодэкса РБ:

ч. 3 арт. 339 — распыленне пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы;

арт. 341 — нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай;

ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным на youtube відэароліку;

арт. 369 — абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку.

 

"Суд над Дзмітрыем Паліенкам працягвае скрупулёзна задакументавааную гісторыю яго пераследу ўладамі за яго грамадскую дзейнасць. Беларускія ўлады павінны зняць з яго ўсе абвінавачанні, звязаныя з мірным ажыццяўленнем яго права на свабоду выказвання меркаванняў, а таксама адкрыць працэс над ім для грамадскасці і СМІ", — заявіла Айша Джанг, старэйшы кiраўнiк кампаній Amnesty International па Беларусі.

Раней Паліенка ўжо быў асуджаны на два гады калоніі за "прымяненне гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады" і вызвалены год таму. Але 20 сакавіка 2019 года ён бў зноў арыштаваны па падазрэнні ў "злосным хуліганстве" — нібыта распыліў пярцовы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу. Сам абвінавачаны сцвярджае, што зрабіў гэта ў межах самаабароны. 

Пасля гэтага яму была прад'яўлена яшчэ тры крымінальныя абвінавачванні: "у абразе прадстаўніка ўлады", "у распальванні расавай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай нянавісці альбо варажды" і ў "апаганьванні будынкаў і нанясенні шкоды маёмасці". Гэтыя абвінавачванні звязаныя з графіці, якія нібыта Паліенка намаляваў. Amnesty International мяркуе, што ўлады пераследуюць Паліенку за яго актывістскую дзейнасць.

"Amnesty International разгледзела яго справу і прыйшла да высновы, што па крайняй меры тры абвінавачанні ў дачыненні да яго з'яўляюцца незаконнымі і павінны быць неадкладна знятыя", — дадае Айша Джанг.