459

Суд над брэсцкім фрылансерам Яўгенам Скрабцом адкладзены з-за неахайна складзенага пратакола

05.02.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Адміністрацыйная справа на Яўгена Скрабца распачатая на падставе публікацыі “Выстава “Вечнасць і момант. 1918–939 – Польшча моцная архітэктурай”, якая з’явілася два месяцы таму на сайце “Радыё Рацыя”.

Паводле пратакола, брэсцкі фрылансер вінаваты ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП ("Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі"), бо “злоўжываў правам і абавязкамі журналіста, вырабіў прадукцыю сродку масавай інфармацыі ў выглядзе інфармацыйнага тэкставага паведамлення на сайце “Радыё Рацыя”.

4 лютага ўжо на пачатку разгляду справы суддзя Маскоўскага раёна Брэста Раіса Лабачэўская паведаміла, што пратакол складзены няправільна і яго трэба адпраўляць на дапрацоўку. У выніку судовае пасяджэнне перанесенае на нявызначаны тэрмін.

У мінулым годзе Яўгена Скрабца тройчы судзілі за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі і агулам пакаралі паводле артыкула 22.9 КаАП на 65 базавых велічынь (1592,5 рублі).