292

Суд над блогерам Пятрухіным: пракурор патрабуе два гады «хіміі»

15.04.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Дыфамацыя

У судзе над блогерам Сяргеем Пятрухіным пракурор запрасіў пакаранне ў выглядзе двух гадоў “хіміі”. Пятрухін у сваім апошнім слове адзначыў, што лічыць гэты судовы працэс заказным і палітычным.

15 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Брэста прайшлі спрэчкі бакоў па крымінальнай справе вядомага мясцовага блогера Сяргея Пятрухіна.

Відэаблогера абвінавачваюць у публічных паклёпе і абразе супрацоўнікаў міліцыі (ч. 2 арт. 188 і ч. 2 арт. 189 Крымінальнага кодэкса РБ).

Пракурор лічыць, што вінаватасць блогера пацвярджаецца разгледжанымі падчас судовага разбіральніцтва матэрыяламі справы. Акрамя таго, дзяржабвінаваўца скептычна паставіўся да экспертызы, якую зрабіў на замову адказчыка доктар філалагічных навук, прафесар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец.

У сваім заключэнні навуковец адзначыў, што ў каментарах Сяргея Пятрухіна адсутнічаюць лінгвістычныя сродкі (прозвішчы, ініцыялы), якія дазваляюць адназначна сцвярджаць, што словы і выразы з лінгвістычнымі прыкметамі абразлівасці, прыніжэння гонару і годнасці асобы маюць дачыненне менавіта да супрацоўнікаў міліцыі, якія палічылі сябе пацярпелымі.

“Заключэнне прафесара Лукашанца з'яўляецца толькі прыватным меркаваннем вучонага, якое не можа быць пакладзена ў аснову абвінавачання”, — заявіў пракурор і звярнуў увагу суддзі, што дзейнасць Пятрухіна мае публічны характар.

У выніку пракурор папрасіў суд прызнаць блогера вінаватым у паклёпе і абразе і па сукупнасці злачынстваў прызначыць яму абмежаванне волі на 2 гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама Сяргею Пятрухіну пагражае буйны штраф памерам 100 базавых велічынь.

Меру стрымання для блогера дзяржабвінаваўца прапануе пакінуць ранейшай — падпіску аб нявыездзе і абавязацельства аб яўцы.

Адвакат супрацоўнікаў міліцыі ў сваё прамове заявіла, што Сяргей Пятрухін “свабоду слова прыняў за ўсёдазволенасць”, і папрасіла пакараць яго ў межах санкцыі гэтага артыкула Крымінальнага кодэкса. Таксама яна, як і пракурор, выказался за тое, каб не здымаць арышт з маёмасці Пятрухіна да таго часу, пакуль блогер не выплаціць штраф і кампенсацыі пацярпелым.

Акрамя таго, паколькі відэаролік, пра які ідзе гаворка, да гэтага часу знаходзіцца на інтэрнэт-старонцы “ВКонтакте", адвакат пацярпелых просіць накіраваць уладальнікам сацыяльнай сеткі копію прысуду.

Адвакат Павел Алесік, які прадстаўляе інтарэсы Сяргея Пятрухіна, заўважыў, што за сваю шматгадовую практыку ўпершыню сутыкаецца з тым, каб справа грамадзянскага характару была ўзбуджаная пракурорам. Павел Алесік папрасіў цалкам апраўдаць блогера ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства, прадугледжанага крымінальнымі артыкуламі 188 і 189, а таксама адмовіць у задавальненні пазоваў пацярпелых.

Сяргей Пятрухін у сваім апошнім слове адзначыў, што лічыць гэты судовы працэс заказным і палітычным.

Ён перакананы, што пераслед звязаны з актыўнай пазіцыяй, якую ён займае ў сітуацыі з будаўніцтвам каля Брэста акумулятарнага завода.

Пятрухін падкрэсліў, што ў каментарах, якія тычыліся дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, выказваў сваё асабістае меркаванне. “Але апошнім часам рабіць гэта небяспечана, бо ў Беларусі ідзе наступ на свабоду слова: “справа БелТА”, ператрус у офісе “Белсата” і іншыя выпадкі ціску на журналістаў і блогераў”, — зазначае блогер.

Прысуд Сяргею Пятрухіну будзе абвешчаны раніцай 18 красавіка.