757

Суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў журналістаў вялікімі штрафамі

30.05.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Таццяна Касцюк 29 мая пакарала штрафамі “за незаконны выраб прадукцыі СМІ для замежнага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” магілёўскіх журналістаў Аліну Скрабунову і Яўгена Глушкова.

Аліна Скрабунова, праваабаронца Барыс Бухель і Яўген Глушкоў

На падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП на Аліну Скрабунову накладзены штраф у памеры 50 базавых велічынь. Яўген Глушкоў аштрафаны на 30 базавых велічын.

У судзе журналістам ставіўся ў віну выраб двух відэасюжэтаў для тэлеканала “Белсат” — пра высяленне жыхароў дамоў у Магілёве з-за памылкі ўладаў, і пра самагубства кіраўніка аграхолдынга “Купалаўскае” ў Шклоўскім раёне.

Пасля таго, як суддзя адмовілася выслухаць хадайніцтва Аліны Скрабуновай аб дазволе фота- і відэаздымкаў працэсу, абвінавачаныя журналісты пакінулі залу судовага пасяджэння. Разам з імі сыйшлі ўсе, хто прыйшоў падтрымаць Скрабунову і Глушкова, — сябры з ГА “БАЖ”, а таксама людзі, пра якіх журналісты рабілі рэпартажы.

“Таццяна Касцюк выконвае палітычны заказ, бо ведаюць, што яна прыме патрэбнае рашэнне. Яна не хацела задавальняць усе нашы хадайніцтвы, не захацела нават іх слухаць. Учора яна мне не хацела даваць справу на азнаямленне. Сёння ж заявіла, што не памятае, што выносіла мне абвінаваўчы вырак. Навошта прысутнічаць на працэсе, калі ўсё загадзя вырашана”, – зазначыла Аліна Скрабунова ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

Нагадаем, у лістападзе 2017 года суддзя Таццяна Касцюк ужо карала Аліну Скрабунову штрафам у памеры 30 базавых велічынь паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

Гэта стала падставай для таго, што на судовым слуханні 29 мая 2018 года Аліна Скрабунова і Яўген Глушкоў заявілі адвод суддзі Касцюк. На думку журналістаў, паколькі суддзя прызнала віну Аліны Скрабуновай у лістападзе мінулага года, тое ж самае яна зробіць і цяпер, нягледзячы на ўсе іх довады і аргументы. Журналісты патлумачылі недавер суду тым, што суддзя Касцюк зацікаўленая ў абвінаваўчым выраку, паколькі апраўдальны будзе супярэчыць ранейшаму яе рашэнню.

Таццяна Касцюк не задаволіла хадайніцтвы журналістаў, падкрэсліўшы пры гэтым, што яна не мае нейкай асабістай зацікаўленасці пры разглядзе адміністрацыйнай справы.

Калі ўдзельнікі працэсу выйшлі на вуліцу, высветлілася, што іх таемна здымаюць з мікрааўтобуса невядомыя людзі ў цывільным.  Яны не захацелі патлумачыць, якое выданне ці ўстанову прадстаўляюць.

Па словах Скрабуновай і Глушкова, яны абавязкова будуць абскарджваць пастанову суддзі Касцюк у Магілёўскім абласным судзе.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што адміністрацыйная справа ў дачыненні журналістаў Аліны Скрабуновай і Яўгена Глушкова палітычна матываваная. Праваабаронца звязвае ціск на магілёўскіх журналістаў з агульнай хваляй рэпрэсій у Беларусі супраць тых, каго падазраюць у супрацы з тэлеканалам “Белсат”. Такога ж меркавання прытрымліваюцца і магілёўскія сябры ГА “БАЖ”.

Таксама Барыс Бухель адзначыў, што ў вынесенай суддзёй Касцюк пастанове ёсць шэраг недарэчнасцей:

“У пастанове суда Ленінскага раёна Магілёва ад 29 мая гаворыцца аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці Скрабуновай і Глушкова ўжо за выраб прадукцыі замежнага СМІ, а не за ўдзел у вырабе, як гэта паказана ў адміністрацыйных пратаколах. Гэта значыць, што суддзя Таццяна Касцюк зноў незаконна выйшла за межы адміністрацыйнага пратакола і тым самым фактычна пацвердзіла абгрунтаванасць заяўленых ёй адводаў – яна за супрацоўнікаў міліцыі зрабіла іх працу.

Акрамя таго ў апісальнай частцы пастановы ў дачыненні да абодвух фігурантаў пазначана, што яны працавалі разам над аднымі і тымі ж відэасюжэтамі, а ў высновах ўжо паказана, што кожны з фігурантаў справы самастойна, без удзелу другога ў адзін і той жа час вырабіў адну і тую ж прадукцыю замежнага СМІ. Напрошваецца лагічнае ўдакладняючае пытанне да суддзі Касцюк: “Хто ж усё-такі вырабіў гэтую прадукцыю “Белсата” – Скрабунова альбо Глушкоў?”