1249

Суд Ленінскага раёна Брэста пакараў блогераў Сяргея Пятрухіна і Змітра Гарбунова 15 суткамі арышту

14.03.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суд Ленінскага раёна Брэста 14 сакавіка пакараў блогераў Сяргея Пятрухіна і Змітра Гарбунова 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Суддзі на двух працэсах забаранілі фота-відэаздымку, гукавы і відэа-анлайн.

Суддзя Аляксандр Семянчук разгледзеў справу Сяргея Пятрухіна без яго ўдзелу па заяве блогера — ён выехаў у камандзіроўку за мяжу і таму не змог з'явіцца на пасяджэнне. Такім чынам Пятрухіна завочна асудзілі на 15 сутак за "заклікі выйсці на масавыя мерапрыемствы". Сведкамі былі пяць міліцыянтаў. Двое з іх расказалі пра тое, што чулі "заклікі" ў Пінску на акцыі, якую асвятляў блогер. Астатнія сведчылі пра тое, што бачылі заклікі ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі".

Суд над Гарбуновым працягваўся больш гадзіны. У выніку тыя ж самыя 15 сутак прысудзіў блогеру суддзя Ленінскага райсуда Брэста Святаслаў Каліна. Сведкамі выступілі два міліцыянты.

Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!