НЕ - ВАЙНЕ!
279

Суд (чамусьці Лоеўскага раёна) прызнанаў “экстрэмісцкай” Instagram-старонку Zerkalo_io

08.12.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

На сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі чарговае абнаўленне: з’явіўся запіс аб прызнанні “экстрэмісцкім” кантэнту інфармацыйнага рэсурсу Zerkalo ў сацсетцы Instagram. 

“Информационная продукция интернет-страницы социальной сети Instagram с названием "Zerkalo_io", имеющая идентификатор https://instagram.com/zerkalo_io/ и идентификатор (ID), содержащий последовательность цифр 263874345, признана экстрэмистскими материалами”, – адзначаецца ў публікацыі Мінфінфарма, якому даручана сістэматызаваць беларускіх “экстрэмістаў”.

Адпаведнае рашэнне яшчэ 1 снежня прыняў суд Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці, аднак праз звыклую “аператыўнасць” ведамства пра яго стала вядома толькі праз тыдзень. У афіцыйным паведамленні не ўдакладняецца, якое дачыненне мае правасуддзе Лоева да “эмігранцкага” СМІ, аднак там у катэгарычнай форме даводзіцца, што рашэнне “падлягае неадкладнаму выкананню” ў адпаведнасці з артыкулам 314 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса. 

Каманда Zerkalo пазіцыянуе сябе пераемніцай папулярнага партала Tut.by, фактычна ліквідаванага ўладамі Беларусі. Падчас налёту на рэдакцыю ў маі 2021 года за кратамі апынуліся адразу паўтара дзясятка супрацоўнікаў, усе яны праваабарончай супольнасцю былі прызнаныя палітвязнямі. Бальшыню адпусцілі з рознымі абмежавальнымі абавязаннямі, а галоўная рэдактарка Марына Золатава і генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна дагэтуль чакаюць суда ў мінскім СІЗА №1 – больш чым праз паўтара года пасля затрымання.

Спачатку ўсіх вінавацілі ў публікацыях «забароненай заканадаўствам інфармацыі», пазней завялі крымінальную справу за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, а нядаўна Следчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу — “за распальванне варожасці, учыненае групай асобаў” (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса). Максімальная санкцыя прадугледжвае да 12 гадоў зняволення.

Акурат на гэтым фоне Камітэт дзяржбяспекі ўнёс Марыну Золатаву, Людмілу Чэкіну, а таксама журналістак Вольгу Лойку і Алену Талкачову ў “спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”. 

Частка ацалелых ад пагрозы арыштаў тутбаеўцаў тэрмінова пакінула Беларусь і заснавала за мяжой альтэрнатыўнае медыя – навінавы рэсурс Zerkalo.io. Зрэшты, на загад Міністэрства інфармацыі, якое ў дачыненні да недзяржаўных журналістаў усё часцей выконвае рэпрэсіўныя функцыі, пляцоўку заблакавалі ў першы ж дзень працы, таму цяпер матэрыялы даводзіцца чытаць праз абыходныя шляхі.  

“Каб працягнуць бяспечна асвятляць падзеі ў Беларусі, былая каманда партала Tut.by запусціла свой праект навін – Zerkalo.io. Рэсурс зроблены  на аснове ранейшага прыкладання Tut.by, якое было перададзена камандзе пераемнага медыя разам з сацыяльнымі сеткамі і месенджарамі. Таму ўсе, у каго раней быў усталявана дадатак, пры абнаўленні атрымаюць версію Zerkalo.io”, – патлумачылі тэхнічныя нюансы ініцыятары вымушанага апгрэйда партала.

Летась у жніўні суд Цэнтральнага раёна Мінска ўжо прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by, а таксама змест сайта новага праекта Zerkalo.io “экстрэмісцкімі”. Выглядае, што цяпер пачалося “паляванне” на асобныя старонкі ў сацыяльных сетках. 

Зрэшты, першыя трывожныя сігналы пачалі паступаць яшчэ ў канцы 2020 года, калі Tut.by на патрабаванне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі папярэджанні да матэрыялаў аб правядзенні прэзідэнцкіх выбараў, дзейнасці Камітэта дзяржкантролю, Беларускага мытнага камітэта і г. д.

Чытайце яшчэ:

Ва Украіне разгарэўся скандал вакол календара з аголенымі журналісткамі

Ці забароняць у Беларусі YouTube ды Instagram? Эксперты Быкоўскі і Дарашэвіч пра імпартазамяшчэнне сацсетак

Беларусский расследовательский центр подал жалобу в ООН на решение по иску Каричей

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!