Суд Цэнтральнага раёна Мінска 25 жніўня пачне разгляд справы аб прызнанні экстрэмісцкай “інфармацыйнай прадукцыі на сайце 1863x.com”. Як стала вядома праваабаронцам, суд будзе праходзіць у адкрытым рэжыме, пачатак судовага паседжання прызначаны на 14-00.
Меркаваны заснавальнік і адміністратар сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс, вядомы таксама пад псеўданімам "Джон Сільвер", чакае суда ў следчым ізалятары №1 г. Мінска і на працэсе па гэтай прычыне быць не зможа. Інтарэсы Пальчыса па ягонай просьбе будзе прадстаўляць вядомая адвакат Ганна Бахціна.
Эдуарду Пальчысу ў чэрвені было прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу ("распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні") і ч.2 арт. 343 КК ("распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў"). Усяго ў матэрыялах следства налічваецца 9 эпізодаў распальвання варожасці, 2 эпізоды – матэрыялы парнаграфічнага зместу.
«Крымінальная справа па абвінавачванні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт. 130 КК і ч.2 арт. 343 КК паступіла для судовага разбору ў Мінскі гарадскі суд», — паведаміла раней прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова. Пра дату пачатку слуханняў і фармаце будзе паведамлена дадаткова.
Жонка Эдуарда Пальчыса Вікторыя не бачылася з мужам ужо 7 месяцаў, ад моманту затрымання яго ў Расіі і экстрадыцыі ў Беларусь. Хадайніцтва мужа аб спатканні з Вікторыяй следчыя не задаволілі і для яе застаецца адзіная магчымасць убачыцца з ім у судзе:
“Спадзяюся, што што хутка адбудзецца суд і я магу нарэшце паглядзець на мужа, падтрымаць яго сваёй прысутнасцю, бо мы вельмі даўно не бачыліся” - паведаміла яна праваабаронцам.
За «распальванне варожасці» Пальчысу можа пагражаць пакаранне ў выглядзе арышту на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаванне волі на тэрмін да 5 год. За «распаўсюд парнаграфіі» — пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох год.
Закрыты беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр “Вясна” з нагоды ўзяцця пад варту Эдуарда Пальчыса прыняў заяву, у якой патрабуе забеспячэння працэсуальных гарантый і правоў затрыманага Эдуарда Пальчыса.