340

Суд Брэсцкага раёна адмовіўся разглядаць скаргу журналіста, якога не пусцілі на адкрыты судовы працэс

28.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Брэсцкі журналіст, сябра ГА “БАЖ” Алег Супрунюк сёлета 30 студзеня не здолеў трапіць у суд на слуханне адкрытай адміністрацыйнай справы па рэдакцыйным пасведчанні. На ўваходзе ў памяшканне суда міліцыянт-ахоўнік дазваляў прайсці толькі тым, хто паказваў пашпарт.

Пры гэтым на ганку будынка суда было размешчана паведамленне, што ў суд можна трапіць па дакументах, якія сведчаць пра асобу, з далейшай рэгістрацыяй у кнізе ўліку наведнікаў. Спробы Алега Супрунюка давесці супрацоўніку аховы, што рэдакцыйнае пасведчанне і ёсць такім дакументам, плёну не мелі.

У адказ на скаргу журналіста начальнік Ленінскага (г. Брэста) аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ Уладзімір Ігнацюк паведаміў, што з боку ахоўніка “парушэнняў патрабаванняў лакальных нарматыўных дакументаў не знойдзена”. У лісце таксама адзначана, што “супрацоўнік Дэпартамента аховы МУС РБ, які знаходзіцца на службе ў будынку суда, кіруецца вуснымі альбо пісьмовымі ўказаннямі кіраўніцтва суда”.

Старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак, у сваю чаргу, у адказ на скаргу Алега Супрунюка прыняў “вызначэнне”, з якога вынікае, што журналіст мусіў падаваць яе у суд Ленінскага раёна Брэста, бо менавіта да гэтай тэррыторыі аднесены аддзел Дэпартамента аховы, у якім працуе міліцыянт, што ахоўвае суд.

Такая матывіроўка адказу здзівіла Супрунюка, бо сваю скаргу ён даслаў у суд Брэсцкага раёна, кіруючыся арт. 3 Закона РБ “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

“Я атрымаў вызначэнне суда Брэсцкага раёна, які адмовіўся распачаць грамадзянскую справу паводле маёй скаргі, — распавёў Алег Супрунюк. — Перашкода ў тым, што справа непадсудная суду Брэсцкага раёна. Я лічу, што такім чынам супрацоўнікі гэтага суда дапусцілі парушэнне заканадаўства аб звароце грамадзян і неабгрунтавана пакінулі мой зварот без разгляду па сутнасці”.

Брэсцкі журналіст вырашыў звярнуцца ў абласны суд, каб там зладзілі праверку, чаму яго папярэдні зварот быў пакінуты без разгляду па сутнасці.