1958 0

Суд адправіў справу Андруся Козела на дапрацоўку, а самога збітага журналіста — вызваліў

19.02.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Андруся Козела судзілі за непадпарадкаванне міліцыі, ноч ён правёў у ЦІП на Акрэсціна. У выніку суд пастанавіў справу супраць аператара "Белсата" Андруся Козела адправіць на дапрацоўку.

Нагадаем, 18 лютага ў Беларусі быў дзень асноўнага галасавання на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў. Міліцыянты збілі Андруся Козела падчас затрымання, яго галавой разбілі шкляныя дзверы на выбарчым участку, таму ўся галава была ў крыві.

Журналіст вёў стрым з выбарчага ўчастка.

18.28 Справу супраць Андруся Козела адправілі на дапрацоўку.

Суд пастанавіў на гэты час вызваліць Козела з-пад варты.

Андрусь Козел мае намер звярнуцца па медычную дапамогу, зафіксаваць нанесеныя яму цялесныя пашкоджанні і абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

Тое, што суд адправіў справу на дапрацоўку, журналіст лічыць пазітыўным знакам, бо перакананы, што ў яго дзеяннях не было складу злачынства.

17.54 Допыт скончаны, у судзе перапынак на 10 хвілін.

Міліцыянт заявіў, што Козел зламаў яму пагон на левым плячы, калі аказваў актыўнае непадпарадкаванне.

17.47 Міліцыянт Уладзіслаў Бушынскі заявіў, што Козел «неаднаразова перашкаджаў камісіі падлічваць галасы, бо здымаў камісію на відэа».

Апытанне міліцыянта працягнуў Сяргей Зікрацкі. На пытанне адваката Уладзіслаў Бушынскі заявіў, што не ведае выбарчага заканадаўства і толькі выконваў патрабаванне старшыні камісіі.

17.30 Наступным у судзе апытваюць міліцыянта Уладзіслава Бушынскага, які, як кажа Козел, затрымліваў яго і збіваў.

Міліцыят заявіў, што Козел здымаў падлік галасоў і на заўвагі не рэагаваў. Старшыня камісіі папрасіў выправадзіць Андруся Козела з памяшкання. Перад дзвярыма Козел пачаў супраціўляцца, упёрся нагой і выціснуў шкло.

Была прымененая сіла, у выніку чаго Козел зваліўся на падлогу і, магчыма, нанёс гэтым сабе цялесныя пашкоджанні.

Міліцыянт Уладзіслаў Бушынскі

17.09 У сваім выступе Андрусь Козел неаднаразова падкрэсліў, што, згодна з заканадаўствам, забароны здымаць на выбарчым участку няма.

Прывёў шэраг спасылак на Выбарчы кодэкс, Канстытуцыю, Закон аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі.

17.07 Козел расказаў, што быў даверанай асобай кандыдата Мікалая Казлова, назіраў за выбарамі і вёў трансляцыю ў Facebook. Міліцыянты патрабавалі спыніць трансляцыю, але не маглі патлумачыць, на якой падставе. Козел у сваю чаргу тлумачыў, што меў права здымаць.

Пасля гэтага міліцыянты выцягнулі Козела з залі: «Супрацоўнікі міліцыі наносілі мне ўдары па галаве, а таксама маёй галавой разбілі шкляныя дзверы на ўчастку для галасавання».

Пасля гэтага Козела даставілі ў міліцыю, а пратакол складалі ўжо тады, калі завезлі на Акрэсціна.

17.01 Андрусь заявіў хадайніцтва, каб пасля працэсу яго накіравалі на агляд у медычную установу для агляду. Суддзя заявіў, што хадайніцтва будзе разгледжана разам са справай.

Дапытваюць самога журналіста.

16.55 Перапынак  цягнуўся цэлую гадзіну. Пасля гэтага працэс аднавіўся. Адвакат заявіў хадайніцтва дазволіць фота і відэа ў працэсе. Суддзя адхіліў.

Адвакат заявіў хадайніцтва праглядзець відэа, якое ўчора здымаў Андрусь Козел на ўчастку. Зікрацкі прадставіў запіс на дыску. Суддзя задаволіў хадайніцтва і далучыў відэа да матэрыялаў справы.

Адвакат таксама папрасіў дапытаць сведку здарэння — Францішка Дзядова. Хадайніцтва задаволілі.

Адвакат папрасіў выклікаць у якасці сведак усіх сябраў выбарчай камісіі, дзе адбыўся інцыдэнт. Хадайніцтва адхілілі.

15.55 Пачаўся працэс. Андрусь Козел заявіў, што ў яго кружыцца і баліць галава і папрасіў адказваць на пытанні суддзі без уставання з месца. Суддзя дазволіў. Суд агучыў пратакол супраць Козела. Журналіста вінавацяць у тым, што ён адмаўляўся выконваць патрабаванні міліцыі, не спыніў відэатрансляцыю з участка і не пакінуў яго. Абараняе Козела адвакат Сяргей Зікрацкі. У судзе аб'яўлены перапынак на 20 хвілін на тое, каб журналіст і адвакат маглі азнаёміцца з матэрыяламі справы.

15.55 Пачаўся працэс. Андрусь Козел заявіў, што ў яго кружыцца і баліць галава і папрасіў адказваць на пытанні суддзі седзячы. Суддзя дазволіў. Суд агучыў пратакол супраць Козела.

«Тры разы ўдарылі па галаве, білі па рэбрах і нырках. Цяпер вельмі баліць галава, ніякай медычнай дапамогі не аказалі, усе просьбы ігнаравалі. У мяне ўсё было ў крыві. Мяне павезлі ў РУУС. У дзяжурнай частцы я пачаў пісаць заяву пра збіццё ў пракуратуру. Пасля забралі мяне ў іншы пакой, забралі ўсе рэчы. Пасля туды з’ехаліся чыноўнікі ў цывільным. Ціску ў ЦІП не было, але не давалі копію пратакола. Ва ўсіх месцах, дзе патрабавалі мой подпіс, напісалі, што я адмовіўся ад сведчанняў. Дзмітрый Кротаў даў загад міліцыянту адвезці мяне ў ЦІП. Мне не далі магчымасці азнаёміцца са справай. Маёр забраў мой ліст і напісаў у пратаколе, што я адмовіўся ад подпісу. Ён паставіў мяне да сцяны, пісаў пратакол, кудысьці званіў і гаварыў, што не буду падпісваць. Я сказаў, што буду падпісваць, але ён не даў мне азнаёміцца. Пачаў біць і крычаць, што не будзе праз мяне ўсю ноч тут сядзець», — цытуе словы Андруся Козела "Белсат".

Журналіста вінавацяць у тым, што ён адмаўляўся выконваць патрабаванні міліцыі, не спыніў трансляцыю з участка і не пакінуў яго.

Абараняе Козела адвакат Сяргей Зікрацкі. У судзе аб'яўлены перапынак на 20 хвілін, каб журналіст і адвакат маглі азнаёміцца з матэрыяламі справы.

15.37 Перад пачаткам працэсу Андрусь Козел распавёў, што ўчора супрацоўнікі міліцыі білі яго па галаве. У журналіста на ілбе ёсць сляды ад удараў. Андрусь сказаў, што ў яго цяпер баліць галава. А на просьбы аказаць медычную дапамогу ніхто з міліцыянтаў не адгунуўся.

15.15 Стала вядома, што журналіста Андруся Козела будзе судзіць суддзя Іван Касцян. Пачатак працэсу а 15.30. Інфармацыю пра гэта вывесілі на дошцы абвестак у судзе.

15.05 Андрусь Козел ужо гадзіну сядзіць у міліцэйскай машыне побач з будынкам суда. Дагэтуль невядома, у якім памяшканні і а якой гадзіне будзе адбывацца разгляд справы.

Андруся Козела прывезлі да будынка суда каля 14-й гадзіны.

Па стане на 12.40 19 лютага так і не стала вядома, дзе ж знаходзіцца журналіст.

Па стане на 12.40 Андруся Козела так і не прывезлі ў будынак суда. Разам з тым у ізалятары часовага ўтрымання па вуліцы Акрэсціна заявілі, што а 10 раніцы яго павезлі ў суд. Але калегі, якія чакалі побач з будынкам суда, дзе і мусіў адбыцца працэс, так і не ўбачылі Андруся.

З палітыкаў да будынка суда падтрымаць журналістаў прыходзіў старшыня АГП Анатоль Лябедзька і яго паплечнік па партыі Мікалай Казлоў.

На сайце ГУУС Мінгарвыканкама агучаная версія міліцыянтаў — як разгортваліся падзеі ўвечары 18 лютага ў асноўны дзень галасавання на выбарчых участках.

«Увечары 18 лютага на выбарчым участку № 27 па вуліцы В. Харужай быў затрыманы і дастаўлены для далейшага разгляду ў Цэнтральнае РУУС г. Мінска назіральнік А. Козел. Падставай для затрымання паслужылі задзірлівыя дзеянні назіральніка і яго адмова выканаць законныя патрабаванні старшыні выбарчай камісіі па спыненні відэаздымкі падчас падліку вынікаў галасавання.

Права на вядзенне відэаздымкі грамадзянін патлумачыў прыналежнасцю да аднаго з замежных СМІ, якія не маюць акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь. З мэтай спынення супрацьпраўных дзеянняў старшыня камісіі звярнуўся да супрацоўніка міліцыі, якая ажыццяўляла нясенне службы на выбарчым участку. Прадстаўніком праваахоўных органаў былі дадзены выразныя тлумачэнні грамадзяніну аб парушэнні парадку, якое мела месца, прапанавана спыніць відэаздымкі і выканаць законныя патрабаванні старшыні выбарчай камісіі.

А. Козел дадзены зварот праігнараваў, аказаў актыўнае непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі, схапіў супрацоўніка за форменнае абмундзіраванне. Для спынення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да назіральніка была ўжытая фізічная сіла. Падчас выдварэння А. Козел нагой пашкодзіў шыбу дзвярэй выбарчага ўчастка.

Грамадзянін дастаўлены ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама, яго дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка».

Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Барташ Ціхоцкі асудзіў факт збіцця і затрымання журналіста тэлеканала "Белсат" Андруся Козела.

Каментары