3230 0

Суд адправіў адміністрацыйныя справы гродзенскіх журналістаў на дапрацоўку ў міліцыю

29.07.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суддзя Ленінскага раёна Гродна Юрый Казакевіч пастанавіў накіраваць матэрыялы адміністрацыйных спраў супраць журналістаў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча на дапрацоўку ў міліцыю.

Гэта вынікае з копіі адпаведнай пастановы ад 23 ліпеня, накіраванай журналістам. Паводле суддзі, з матэрыялаў справы не вынікае, што Дзянісаў і Кіркевіч не маюць акрэдытацыі ў МЗС Беларусі як журналісты замежнага СМІ.

Нагадаем, што гродзенскіх фрылансераў вінавацяць у незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі – падрыхтоўцы інфармацыйнага матэрыялу для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” (арт. 22.9 КаАП РБ).

Нагодай для гэтага стаў відэасюжэт пра выставу літоўскіх лялек у Гродне, размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат”.

Агульная сума штрафаў журналістам у 2015 г. за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ на сёння складае 137 мільёнаў 780 тысяч рублёў (больш за 8 тысяч еўра).

 

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (Табліцы, абнаўляецца)