1809

Суд адхіліў пазоў Міланы Харытонавай супраць журналіста дзяржаўнай газеты

20.03.2013 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Рэгуляванне Байнэту

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 20 сакавіка абвешчана рашэнне па зыску сябры ГА “БАЖ” Міланы Харытонавай, якая бараніла свае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

Адказчыкам па гэтай справе быў карэспандэнт дзяржаўнай газеты “Брестский вестник” Уладзімір Міневіч, які ў сакавіку мінулага году змясціў зневажальныя каментары ў дачыненні да незалежнай журналісткі.

Акрамя абвяржэння зробленых у каментарах высноваў, Мілана Харытонава патрабавала ад журналіста выдання, заснавальнікам якой з’яўляецца Брэсцкі гарвыканкам, 3 мільёны рублёў у якасці кампенсацыі нанесенай маральнай шкоды.

У часе разгляду гэтай справы была прызначана лінгвістычная экспертыза допісаў адказчыка. Як заўважыла Мілана Харытонава, экспертызу даручылі не незалежнай асобе, што мае досвед і адпаведную ліцэнзію, а выкладчыкам філалагічнага факультэту Брэсцкага дзяржаўнага універсітэту, дзе раней вучыўся Уладзімір Міневіч. З высноваў экспертызы вынікала, што ніякіх абразаў у допісах карэспандэнта “Брестского вестника” не было: ён толькі выказваў свае негатыўныя меркаванні, але гэта не забаронена Канстутыцыяй і беларускім заканадаўствам.

На падставе гэтых высноваў суддзя Таццяна Ісаева адхіліла пазоў Харытонавай і абавязала яе сплаціць кошт праведзенай экспертызы, што складае 1,5 мільёна рублёў. Незалежная журналістка заявіла, што нязгодная з рашэннем суду першай інстанцыі. “Мой пазоў тычыўся абразы гонару і годнасці, а суд даручыў экспертызе высветліць, ці былі абразлівымі допісы Міневіча ў адрас мяне”, – кажа сябра ГА “БАЖ”.

Мілана Харытонава мае намер абскарджваць гэтае рашэнне ў Брэсцкім абласным судзе.