877

Суд абавязаў Савет дэпутатаў распрацаваць палажэнне аб акрэдытацыі журналістаў

05.09.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Але адмовіў “Ганцавіцкаму часу” ў задавальненні заявы аб прызнанні незаконнымі дзеянняў райсавета.

Эканамічны суд Брэсцкай вобласці адмовіў прыватнаму прадпрыемству "Медыя-Ганцавічы” — выдаўцу рэгіянальнай газеты "Ганцавіцкі час" — якое заявіла пра незаконныя дзеянні Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў і патрабавала абавязаць гэты орган самакіравання акрэдытаваць журналістаў незалежнага выдання.

Як паведаміў галоўны рэдактар газеты “Ганцавіцкі час” Пётр Гузаеўскі, матывацыйнай часткі рашэння пакуль няма, аднак суддзя Алена Дзем’янюк, якая разглядала справу, вынесла прыватнае вызначэнне аб парушэнні закона аб СМІ.

Паводле вызначэння, Ганцавіцкі райсавет дэпутатаў абавязаны распрацаваць палажэнне аб акрэдытацыі, а адсутнасць гэтага дакумента парушае права рэдакцыі на акрэдытацыю журналістаў.

У судзе старшыня Ганцавіцкага райсавета Юрый Шапель спасылаўся на рэгламент і казаў, што паколькі забароны наведваць іх пасяджэнні няма, то гэта, маўляў, і ёсць акрэдытацыя для журналістаў.

Нягледзячы на гэтае прыватнае вызначэнне, галоўны рэдактар газеты “Ганцавіцкі час” Пётр Гузаеўскі незадаволены канчатковым вынікам.

“Атрымалася, што ўсе выдаткі на разгляд справы, якія панесла прадпрыемства "Медыя-Ганцавічы” (дзяржпошліна, прадстаўленне дакументаў, затрачаны час і г. д.), прывялі да таго, што суд абавязаў Савет дэпутатаў выканаць тое, што яны і так мусяць рабіць паводле закона”, — кажа ён.

Паводле слоў Пятра Гузаеўскага, у сваіх адказах на запыты пра акрэдытацыю журналістаў “Ганцавіцкага часу” чыноўнікі і з мясцовага райвыканкама, і з раённага Савета дэпутатаў спасылаліся на тое, што парадак правядзення і атрымання акрэдытацыі не прадугледжаны гэтымі дзяржаўнымі ўстановамі. Акрамя таго, кіраўніцтва мясцовай “вертыкалі” паведаміла, што ў раёне ўжо ёсць адзін сродак масавай інфармацыі — газета “Савецкае Палессе”, заснавальнікам якой з’яўляецца Ганцавіцкі райвыканкам.  

“Невялікі па колькасці жыхароў Ганцавіцкі раён унікальны тым, што тут працуюць дзве грамадска-палітычныя газеты, якія ў рэжыме канкурэнцыі мусяць увесь час развівацца і пісаць цікавей”, — адзначае Пётр Гузаеўскі. — Аднак прадстаўнікаў мясцовай улады такое становішча не надта задавальняе і яны чыняць перашкоды ў працы журналістам незалежнага выдання”.

Галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” адзначае, што раней кіраўніцтва раёна дэкларавала пра падтрымку прыватнага бізнесу ў рэгіёне. У гэтым напрамку сапраўды шмат што робіцца, аднак да нашай газеты ў мясцовай улады асаблівае стаўленне, кажа Пётр Гузаеўскі.

Рэдактар згадвае выпадкі, калі журналісты “Ганцавіцкага часу” не маглі свабодна прайсці ў райвыканкам і шмат часу гублялі на ўваходзе побач з супрацоўнікамі аховы ў чаканні, пакуль тыя высветляць, прыме чыноўнік карэспандэнта незалежнай газеты альбо спашлецца на недахоп часу. Даходзіла да абсурду: журналіста “Ганцавіцкага часу” не пусцілі ў райвыканкам на мерапрыемства ўганаравання людзей, якія дапамаглі міліцыі затрымаць злачынцу.

“Я не прашу ў кіраўніцтва раёна дапамогі, я прашу толькі аднаго — не перашкаджаць працаваць, — адзначае Пётр Гузаеўскі. — Кіраўніцтвам Беларусі ставіцца задача падвысіць заробкі ў краіне. Але як я магу гэты рост забяспечыць, калі газету пазбаўляюць гэтай магчымасці? Такая сітуацыя вымушае падаваць у суд заяву і адстойваць права на атрыманне інфармацыі”.

Галоўны рэдактар дадае, што мясцовае кіраўніцтва як нейкую асабістую крытыку ўспрымае артыкулы і сюжэты “Ганцавіцкага часу” пра праблемы, якія чыноўнікі хацелі б замаўчаць і схаваць ад людскіх вачэй.

“Мы паказваем жыццё такім, якое яно ёсць. І на гэта трэба не крыўдзіцца, а шукаць вырашэнне агучанай праблемы, — кажа Пётр Гузаеўскі. — А кіраўніцтва раёна чапляецца да загалоўкаў і крыўдуе, калі яны ім не падабаюцца”.

Галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” запэўнівае, што выданне не супраць наладзіць канструктыўны дыялог і нармальную працу з мясцовымі органамі ўлады. Аднак пакуль не атрымлівае станоўчых сігналаў ад прадстаўнікоў райвыканкама і падначаленых яму ўстаноў.

Намеснік старшыні ГА “БАЖ”, юрыст Алег Агееў расчараваны рашэннем суда. І пакуль яно не ўступіла ў законную сілу, рэкамендуе абскардзіць.

Картинки по запросу алег агееў

“ГА “БАЖ” дапамагаў  “Ганцавіцкаму часу” рыхтаваць зварот у суд на адмову ў акрэдытацыі, і мы гатовыя дапамагчы ў складанні апеляцыйнай скаргі пасля таго, як азнаёмімся з матывіровачнай часткай. Упэўнены, што ў гэтай справе ёсць усе шанцы пераканаць  вышэйстаячыя судовыя інстанцыі, у тым што ў дадзеным выпадку мы маем справу з неабгрунтаванай адмовай у акрэдытацыі журналістаў, якая забароненыя Законам "Аб СМІ" ,— кажа Алег Агееў.

Юрыст звяртае ўвагу, што, на жаль, праблемы з акрэдытацыяй журналістаў недзяржаўнага СМІ ёсць практычна па ўсёй краіне: “БАЖ неаднаразова звяртаў увагу, што сітуацыя, калі акрэдытацыя разглядаецца як “пацверджанне” журналісту права асвятляць мерапрыемствы, якія арганізуюцца дзяржаўнымі органамі, а таксама іншыя падзеі, што адбываюцца на тэрыторыі Беларусі. Змяняць сітуацыю неабходна ў тым ліку і такімі судовымі працэсамі. Упэўнены, што рана ці позна мы даб’емся цывілізаванага падыходу да акрэдытацыі, калі яна перастане ўжывацца як агульны дазвол на працу для журналіста і будзе выкарыстоўвацца толькі для таго, каб палегчыць яго працу”.

Недзяржаўная газета «Ганцавіцкі час» падала ў суд на Савет дэпутатаў за адмову ў акрэдытацыі журналістаў

Правовое регулирование понятия «аккредитация журналиста»: белорусские реалии

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!