275 0

Стыкер “Не быць скотам!” прызналі экстрэмісцкім

12.01.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

У судзе Барысаўскага раёна адбылося слуханне судовай справы аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Заяўнікам па справе выступіла Барысаўскае РУУС, зацікаўленай асобай — Максім Д., жыхар Барысава. Менавіта ў яго вясной 2017 года ў межах справы па адміністрацыйным правапарушэнні прайшоў агляд кватэры і была знойдзена “інфармацыйная прадукцыя, якая падпадае пад дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", як указана ў міліцэйскай заяве.

Максім Д. і яго сябар былі затрыманыя 26 сакавіка 2017 г. у Барысаве, на наступны дзень пасля ўдзелу ў акцыі апазіцыі на Дзень Волі ў Мінску. Абодвух хлопцаў асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Па месцы жыхарства Максіма Д. быў праведзены агляд. Вынятую інфармацыйную прадукцыю міліцыянты накіравалі на экспертызу ў Мінскую абласную экспертную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) прыкметаў праявы экстрэмізму (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці, прапаганды выключнасці, перавагі або непаўнавартасці грамадзянаў па прыкмеце іх адносінаў да расавай, нацыянальнай, рэлігійнай прыналежнасці, прапаганда і публічная дэманстрацыя нацысткай сімволікі ці атрыбутыкі, матэрыялы і інструкцыі па выбуховай справе, якія можна выкарыстоўваць у планаванні і ажыццяўленні тэрарыстычных актаў шляхам падрыву грамадзянскіх і (ці) ваенных аб’ектаў).

Па заключэнні экспертнай камісіі з 5 плакатаў і 17 стыкераў, прадстаўленых на даследаванне, усе плакаты і 3 стыкеры ўтрымлівалі прыкметы праявы экстрэмізму.

Барысаўскае РУУС у сваёй заяве прасіла прызнаць экстрэмісцкімі матэрыяламі канфіскаваную інфармацыйную прадукцыю, знойдзеную падчас вобшука ў Максіма Д., а Міністэрству інфармацыі зрабіць захады па ўключэнні згаданай прадукцыі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым паседжанні Максім Д. патлумачыў, што захапляецца гісторыяй Другой сусветнай вайны і збірае адпаведныя артэфакты. Канфіскаваныя плакаты з выявамі нацысцкай атрыбутыкі яму падарыў сябар, які прымаў удзел у масоўцы пры здымках фільма “Скрыпка” расійскага рэжысёра Канстанціна Фамы ў Брэсцкай крэпасці. Гэтыя плакаты, па словах Максіма Д., выкарыстоўваліся падчас здымкаў кінастужкі, і, такім чынам, з’яўляюцца кінематаграфічным рэквізітам.

Максім Д. падкрэсліў, што не падзяляе нацысцкай ідэалогіі, і плакаты захоўваў як калекцыянер. Пры гэтым ён не займаўся іх распаўсюдам, публічнай дэманстрацыяй або прапагандай.

Варта таксама адзначыць, што кароткаметражны фільм “Скрыпка” Канстанціна Фамы з трылогіі “Сведкі” ў кастрычніку мінулага года быў уключаны ў лонг-ліст прэтэндэнтаў на прэстыжную прэмію “Оскар”.

На стыкерах (налепках), таксама вынятых у Максіма Д., адлюстраваныя перакрэсленая выява чалавека ў агрэсіўнай позе і надпіс “Не быць скотам!”, кельцкі крыж з выявай чэрапа з касцямі, назва расійскага бейсбольнага клуба RUS ULTRAS (гэтая ж назва з’яўляецца брэндам вытворцы моладзевага адзення ў Расіі) з выявай двух перакрыжаваных бітаў.

26 сакавіка 2017 года  Максіма Д. з сябрам затрымалі менавіта пасля таго, як яны наляпілі на вадасцёкавую трубу стыкер “Не быць скотам!”.

12 студзеня 2018 г. суддзя І. М. Вайтко агучыла рашэнне па справе. Уся канфіскаваная інфармацыйная прадукцыя, якая па заключэнні экспертнай камісіі ўтрымлівае прыкметы праявы экстрэмізму, прызнаная экстрэмісцкай.

Фота Хроника.инфо

Каментары