589

Створаны сайт памяці заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая

19.11.2019 Крыніца: БелаПАН

19 лістапада запушчаны сайт памяці заснавальніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, паэта Алеся Ліпая. Адрас сайта: https://naviny.by/ales.

Скрыншот з сайта naviny.by/ales

Дата запуску выбрана не выпадкова. 19 лістапада — дзень нараджэння БелаПАН. У гэтым годзе кампаніі споўнілася 28 гадоў.

Сайт беларускамоўны — Алесь Ліпай гаварыў, пісаў вершы па-беларуску і ў цэлым вельмі шмат зрабіў для таго, каб беларуская мова жыла і развівалася.

"Захоўваць памяць пра Алеся Ліпая — наш, белапанаўцаў, святы абавязак, — гаворыць дырэктар кампаніі Дзмітрый Наважылаў. —  Мы — адна сям'я. Алесь — заснавальнік і нязменны кіраўнік БелаПАН — быў і застаецца вельмі блізкім, родным чалавекам для кожнага з нас. І мы заўсёды будзем захоўваць памяць пра яго".

Сайт складаецца з некалькіх раздзелаў: біяграфія Алеся Липая, яго журналісцкія працы, фатаграфіі і відэа з яго ўдзелам. На асобнай старонцы сабрана паэтычная спадчына Алеся. У раздзеле "Памяць" — інфармацыя пра тое, дзе ён пахаваны, спачуванні з нагоды яго заўчаснага сыходу. Кожны жадаючы можа ушанаваць памяць Алеся Липая, пакінуўшы запіс у гэтым раздзеле.

Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе з 1991 года. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Першую кнігу паэзіі "Пад снегам" выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі "Рэшта", у 2017-м — "Абдымкі".

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна (Мінская вобласць). У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, пераследваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазеты "Лірнік". У канцы 1980-х гадоў — удзельнік супольнасці маладых літаратараў "Тутэйшыя". У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам "Радыё Свабода" ў Беларусі.

У 1991 годзе, падчас працы ў газеце "Знамя юности", вёў беларускамоўную старонку "Родны склон". Аўтар перакладу на беларускую мову дамовы аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі. У пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш за тысячу кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Германіі, і распаўсюдзіў іх па школам і бібліятэкам. У чэрвені 1996 года падчас аперацыі па вызваленні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Мінску, браў інтэрв'ю ў тэрарыста, адцягваючы тым самым яго ўвагу на сябе.

Заўчасна памёр 23 жніўня 2018 гадоў ў адной са сталічных клінік.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!