1061

Стрым у Facebook пра незаконныя дзеянні міліцыянтаў названы “прадукцыяй СМІ”

18.04.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі атрымаў праз пошту адміністрацыйны пратакол з Чыгуначнага РАУСа Гомеля за подпісам старшага ўчастковага інспектара, маёра міліцыі Дзмітрыя Трубкіна. Фрылансера чарговы раз абвінавачваюць у незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” — паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП.

“Міліцыя цяпер называе “прадукцыяй СМІ” нават стрым на прыватны акаўнт у Facebook пра сваё незаконнае ўварванне ў дом актывіста Барыса Анікеева. Відаць, зусім кепска ў міліцыянтаў з паказчыкамі барацьбы з адміністрацыйнымі парушэннямі”, — сказаў Жукоўскі Службе маніторынгу ГА “БАЖ”.

16 сакавіка Жукоўскі на просьбу грамадскага актывіста Барыса Анікеева прыехаў да яго ў прыватны дом з нагоды інцыдэнту. Двое міліцыянтаў зайшлі на падворак да Анікеева, затым зайшлі ў дом і замкнулі дзверы знутры, каб ні Барыс, ні іншыя чальцы сям’і не змаглі выйсці. Пры гэтым ніякіх дакументальных пастановаў ці распараджэнняў на знаходжанне ў прыватным доме міліцыянты не мелі.

Як высветлілася пазней, яны прыйшлі з вобшукам з прычыны “абразы прэзідэнта”. Чакалі падмогу, каб даставіць актывіста ў РАУС. Затрымлівалі Анікеева ажно дзевяць міліцыянтаў.

Актывіст перапосціў на сваёй старонцы ў Facebook калаж «Казачныя жывёлы», дзе быў і партрэт Аляксандра Лукашэнкі. У подпісе да партрэта вырыстаны інтэрнэт-мэм з нецэнзурным выразам.

Пра паводзіны міліцыянтаў і распавядаў Жукоўскі ў онлайн-трансляцыі. Відэа скарысталі многія інфармацыйныя рэсурсы, у тым ліку і “Белсат”. Гэта і было расцэнена міліцыяй як незаконны выраб прадукцыі СМІ.