НЕ - ВАЙНЕ!
311

Стартаваў збор грошай на аўдыёальбом дзіцячых вершаў палітвязьня Андрэя Скурко

04.11.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Вядомы журналіст, паэт і музыка Андрэй Скурко ад ліпеня за кратамі разам з галоўным рэдактарам «Нашай нівы» Ягорам Марціновічам.

У турме Андрэй Скурко адчувае праблемы са здароўем, бо мае цукровы дыябэт. Аднак не спыняе пісаць вершы, пераважна дзіцячыя. Плятформа getdonate.org пачала збор грошай на дапамогу 1,5-гадоваму сыну палітвязьня і на выданьне аўдыёальбома вершаў Скурко.

43-гадовы Скурко з-за кратаў дасылае сыну Тамашу малюнкі і вершыкі.

З дапамогай каманды беларускага дзіцячага ютуб-каналу «Бэйбус» і народных артыстаў Беларусі вершы Андрэя Скурко набудуць гукавое суправаджэньне — стануць самастойнымі творамі для слуханьня. Таксама іх аздобяць малюнкамі.

Агулам на стварэньне аўдыёальбома вершаў Скурко і на дапамогу ягонаму малому сыну патрабуецца 4000 эўра. Ахвяраваць можна любую суму.

Андрэй Скурко — кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу «Нашай нівы». У 2006–2017 гадах быў галоўным рэдактарам выданьня. Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 году. Пазьней яму і галоўнаму рэдактару «Нашай нівы» Ягору Марціновічу выставілі абвінавачаньні паводле ч. 2 арт. 216 КК (нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу).

Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшканьня была па тарыфах для фізычных асобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрыдычных. Праваабаронцы лічаць абвінавачаньне палітычна матываваным, ускосна пра гэта сьведчыць і тое, што дзяржаўнае прадпрыемства па аказаньні камунальных паслуг нават не зьвярталася да рэдакцыі з прэтэнзіямі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!