1222

Стартаваў сайт belrynok.by

11.05.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Раніцай 11 мая пачаў працаваць сайт belrynok.by. Яго стварылі і напаўняюць журналісты, якія раней працавалі ў газеце «Белорусы и рынок».

 

На сайце працуюць раздзелы “Навіны”, “Палітыка”, “Эканоміка”, “Фінансы”, “Галіны і кампаніі”, “Грамадства”, “Меркаванні”, Аўтарскія калонкі.  

«Мы вітаем вас на сайце Белрынок, дзе разлічваем сустрэць нашых старых і новых сяброў. Мы – гэта каманда, якая 20 гадоў працавала ў эканамічным тыднёвіку "Белорусский рынок" (пасля – "Белорусы и рынок")”, – гаворыцца ў вітальным звароце да чытачоў на галоўнай старонцы сайта. Над ім размешчаныя партрэты 15-і чалавек, сярод якіх – Ірына Крыловіч, Аляксандр Алесін, Таццяна Манёнак, Канстанцін Скуратовіч, Паўлюк Быкоўскі і іншыя.  

“Газета "Белорусы и рынок" спыніла працу ў звыклым вам фармаце, і сёння новы нумар выйдзе без нашых імёнаў і артыкулаў. Амаль уся рэдакцыя – журналісты, якія доўгія гады знаходзілі для вас навіны, пісалі аналітыку, і спецыялісты, якія гэтыя матэрыялы вычытвалі і рыхтавалі да друку, звольніліся самі або былі звольненыя. Мы сышлі, таму што са зменай кіраўніцтва, рэдакцыйнай палітыкі і тэматыкі гэта ўжо больш не наша газета».

Журналісты пішуць, што «вырашылі не расставацца, а проста перайсці на іншую пляцоўку, якая, як мы спадзяемся, стане новым домам добрых журналістаў, экспертаў і прафесіяналаў”.

“Мы прыйшлі сюды з надзеяй і жаданнем стварыць у Беларусі новае СМІ, заснаванае на журналісцкай ініцыятыве. Мы прыйшлі, таму што выбіраем якасную, праўдзівую журналістыку. І хочам стаць тэрыторыяй незалежнага экспертнага меркавання і здаровага сэнсу. Мы прыйшлі, таму што выбіраем Свабоду. Свабоду слова”.

Нагадаем, што нагодай для звальнення з «Белорусы и рынок» большай часткі калектыву стала змена складу акцыянераў і галоўнага рэдактара газеты. Па словах журналістаў, ні стасункі з новым рэдактарам Валянцінай Вештарт, ні прапанаваная ёй канцэпцыя развіцця выдання іх не задаволілі.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!