1592

Старшыня Слонімскага райсавета дэпутатаў — карэспандэнту “Газеты Слонімскай”: “Я прасіў бы прэсу ўдаліцца!”

06.04.2016 Крыніца: Мікола Канановіч для baj.by

У аўторак, 5 красавіка, жыхары вёсак Рахавічы і Сурынка Слонімскага раёна запрасілі на вясковы сход карэспандэнта недзяржаўнай “Газеты Слонімскай” Яўгена Валадашчука. На сходзе з удзелам старшыні Слонімскага раённага Савета дэпутатаў Сяргея Рагозіка абмяркоўвалі лёс мясцовага возера.

Сяргей Рагозік (на пярэднім плане) на сходзе каля возера

Возера ў Сурынцы сваімі сіламі аднавілі вяскоўцы і зрабілі прывабным месцам адпачынку. Але радасць жыхароў Сурынкі і бліжэйшых вёсак была нядоўгай — пайшлі чуткі, што ўлады збіраюцца ваду з возера спусціць і асушыць яго. Людзі забілі трывогу ў СМІ, у тым ліку звярнуліся і ў “Газету Слонімскую”, якая летась публікавала матэрыялы пра аднаўленне вадаёма.

Сход 5 красавіка праходзіў на беразе. Калі прыехаў старшыня райсавета Сяргей Рагозік, то першае, што ён зрабіў на пачатку гутаркі з людзьмі, — загадаў карэспандэнту “ГС” пакінуць сход.

— Што Вы тут здымаеце?.. Вы свабодны!.. Я прасіў бы прэсу ўдаліцца! — паўтараў старшыня райсавета, перыядычна ідучы проста на камеру, якой здымаў мерапрыемства карэспандэнт “ГС”.

І хоць большасць удзельнікаў сходу выступіла за прысутнасць журналіста, настойлівыя патрабаванні прадстаўніка мясцовых уладаў Слонімскага раёна прымусілі карэспандэнта “ГС” пакінуць сход яшчэ да яго завяршэння. Матэрыялу для публікацыі ўжо хапала, а Сяргей Рагозік нічога канкрэтнага пра далейшы лёс возера не сказаў, акрамя няўпэўненага: “Возеру — быць”.

Але гісторыя на гэтым не скончылася. Калі артыкул пра сход разам з чарговым папяровым нумарам быў ужо адпраўлены ў друкарню і апублікаваны на сайце gs.by разам з відэаролікам, Сяргей Рагозік патэлефанаваў галоўнаму рэдактару “Газеты Слонімскай” Віктару Валадашчуку і запрасіў да сябе ў кабінет на размову.

— Ён прасіў мяне зняць матэрыял з друку. А на маё пытанне, што ўсё ж будзе з возерам, так нічога пэўнага і не сказаў, — пракаментаваў вынікі свайго візіту да старшыні райсавета Віктар Валадашчук і дадаў, што здымаць гэты матэрыял з друку не было ніякіх падстаў.

Фота з архіва “ГС”

Размова з людзьмі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!