НЕ - ВАЙНЕ!
2443

Старшыня КДБ сцвярджае, што да Алесіна ў іх ужо ніякіх пытанняў няма, але сам журналіст пра гэта не ведае

21.12.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Аляксандр Алесін ніякіх афіцыйных папер аб закрыцці яго “шпіёнскай справы” не мае і да гэтага часу застаецца пад падпіскай аб нявыездзе.

Аляксандр Алесін

Амаль два тыдні таму, 9 снежня, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі звярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць палітычна матываваныя крымінальныя справы да шэрагу грамадзян краіны. Першы у спісе значыцца прозвішча былога журналіста газеты “Белорусы и рынок”, вядомага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна.

Нагадаем, год таму, 10 снежня 2014 года, Аляксандр Алесін быў вызвалены са следчага ізалятара КДБ, дзе адбыў у “адзіночцы” 21 дзень. Журналіста абвінавацілі ў шпіянажы і завялі на яго крымінальную справу, якую дагэтуль не закрылі.

Па просьбе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, старшыня якой Андрэй Бастунец таксама падпісаўся пад калектыўным зваротам да ўладаў, журналіст “Еўрарадыё” Зміцер Лукашук пацікавіўся ў старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка – калі справа ў дачыненні да Аляксандра Алесіна будзе канчаткова закрытая.

“Па-мойму, там ужо пытанне закрытае. Я чытаю артыкулы яго, ён публікуецца і, па-мойму, ніякіх праблем у яго няма”, – адказаў на пытанне журналіста старшыня КДБ.

З нагоды такога адказу Валерыя Вакульчыка, прэс-служба ГА “БАЖ” звярнулася па каментар да Аляксандра Алесіна. Вось толькі сам журналіст пра тое, што “яго пытанне ўжо закрытае”, не ведае. Ніякай афіцыйнай паперы з гэтай нагоды ён не атрымліваў.

“У мяне ніякіх дакументаў на гэты конт няма. Гэта ж дакументальна пачалі – трэба дакументальна і завяршыць. Сапраўды, следчых дзеянняў ніякіх, мяне ніхто не турбуе, але нічога афіцыйна і не паведамляюць. А я ж павінен атрымаць нейкае рэзюме, дакумент”, – кажа Аляксандр Алесін.

Але самае галоўнае сведчанне таго, што на самой справе “пытанне” ў дачыненні да Аляксандра Алесіна КДБ канчаткова не закрыла ў тым, што журналіст па-ранейшаму застаецца невыязным.

“Я па-ранейшаму фармальна знаходжуся “пад падпіскай”, мяне ніхто не вызваляў і я невыязны з краіны па-ранейшаму”, – даводзіць журналіст.

Тым не менш, журналіст прыняў да заўвагі словы старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і плануе бліжэйшым часам звярнуцца ў КДБ па ўдакладненні – які на самой справе ў яго на сёння статус. І калі, адпаведна, з яго здымуць абмежаванне па выездзе за мяжу.

Праваабаронцы патрабуюць спыніць перасьлед журналіста Алесіна, які ўжо «год вісіць на нітачцы»

Аляксандр Алесін па-ранейшаму застаецца абвінавачаным

Ці закрыюць крымінальную справу супраць Аляксандра Алесіна пасля інаўгурацыі?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!