3504

Станем за вольны Байнэт! (інфаграфіка)

05.11.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

 

5 лістапада ўжо восьмы год журналісцкія арганізацыі свету ладзяць кампаніюСтанем за журналістыку!”.

Кожная краіна канцэнтруецца на самай балючай для яе праблеме. Летась БАЖаўцы “стаялі” за калег-фрылансераў. Сёлета ж мы лічым, што востра паўстала тэма блакавання незалежных беларускіх сайтаў і наогул – узмацнення кантролю над Байнэтам.

Нагадаем, што і ў канцы мінулага года, і сёлета шэраг незалежных сайтаў падпаў пад блакаванне. З некаторымі рэсурсамі (напрыклад, kyky.org) сітуацыя абуральная, але прынамсі ясная – вядома, хто і за што яго блакаваў.

Іншая справа – адсутнасць доступу да цэлага шэрагу сайтаў у снежні 2014 г. і сайтаў кампаніі БелаПАН у пачатку кастрычніка 2015 г. Нягледзячы на ўсе спробы высветліць, хто і за што перакрываў доступ да рэсурсаў, замоўцы і выканаўцы засталіся невядомымі.

Усе нарматыўныя акты, якія прымаюцца ў сферы рэгулявання Байнэту, накіраваныя на ўзмацненне кантролю над гэтай сферай.

Мы лічым, што гэтая праблема заслугоўвае нашай увагі, і таму прапануем зрабіць лозунгам сёлетняй кампаніі – “Станем за вольны Байнэт!”

5 лістапада на сайце ГА “БАЖ” а 12-й гадзіне пачнецца анлайн-канферэнцыя “Сёння і заўтра беларускага інтэрнэту” з удзелам Міхаіла Дарашэвіча (кіраўнік праекту Gemius Belarus, даследчык і незалежны эксперт у галіне развіцця інтэрнэт-тэхналогій) і Аляксея Казлюка (супрацоўнік па даследаваннях і прававых пытаннях Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend).

Сёння ж ГА “БАЖ” накіруе ліст у Мінінфармацыі з просьбай патлумачыць, у якіх выпадках міністэрства прымае рашэнне абмежаваць доступ да рэсурса, а ў якіх – вынесці папярэджанне, і якімі крытэрамі пры гэтым кіруецца. Таксама арганізацыя хоча даведацца, колькі такіх рашэнняў і за якія парушэнні прыняло міністэрства ў 2015 годзе.

Юрысты арганізацыі падрыхтавалі адмысловую інфаграфіку, якая апісвае схему абмежавання доступу да рэсурсаў у Байнэце:

Напярэдадні 5 лістапада віцебскія калегі правялі ў сваёй суполцы конкурс на лепшы лагатып кампаніі, які прапануюць выкарыстоўваць разам з асноўным лагатыпам “Станем за журналістыку”:

 

 

Анлайн-канферэнцыя “Сёння і заўтра беларускага інтэрнэту”, чацвер, 12:00. Задавайце пытанні!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!