2823

Сталі вядомыя падрабязнасці збіцця міліцыяй рэдактара сайта "Реальный Брест" Дзяніса Марука

30.03.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Рэдактар сайта "Реальный Брест" Дзяніс Марук пайшоў у Ленінскі РАУС Берасця працягнуць дазвол на паляўнічую зброю, але там быў збіты за тое, што на адной з акцый "недармаедаў" паказаў сярэдні палец хлопцу з камерай у цывільным. Пра гэта распавёў сам пацярпелы.

"Калі я прыйшоў у РАУС мне сказалі, што даўно мяне шукаюць і запрасілі паразмаўляць. Размова працягнулася 2 хвіліны. У мяне толькі запыталіся ці паказваў я сярэдні палец у камеру праваахоўніка на адной з акцый "недармаедаў". Я спрабаваў пажартаваць, што гэта бы ў не я. Але адказ быў кароткім: затрымаць у ІЧУ", — распавядае Дзяніс.

Пасля гэтага журналіста пачалі брутальна скручваць і адбіраць рэчы, якія ў яго былі з сабой.

"Я разумеў, што калі пакіну ім камеру GoPro, якая была з сабой у кішэні і запісвала гук, дык усё знікне. Таму я хутка дастаў флэшку і засунуў яе ў рот і пасля гэтага пачалася проста жэсць".

Са слоў Марука, яго паклалі на падлогу і пачалі біць нагамі і рукамі па твары, на нырках. Прынеслі металічную лыжку, якой спрабавалі расціснуць зубы, каб дастаць флэшку і пашкодзілі дзёсны. Толькі старэйшы па званню, які зайшоў праз некаторы час ў пакой, прыпыніў усё.

"Міліцыянт, які ўвайшоў сказаў, што на першы раз, калі я ўсё зразумеў, яны падпішуць дазвол на зброю, але папярэдзіў, каб на плошчы больш не хадзіў. Далі мне падпісаць паперу, я з заплыўшым вокам не чытаў нічога, а толькі потым пабачыў, што гэта пастанова па артыкулу 17.1 КаАП — дробнае хуліганства. Мне далі 2 базавыя штрафу".

Дзяніс Марук зняў пабоі і збіраецца абскарджваць дзеянні міліцыянтаў, якія ўжылі сілу супраць яго без падставы на гэта, таксама ён будзе пісаць скаргу ў пракуратуру.

Сітуацыю з затрыманнем Марука пракамэнтаваў "Радыё Свабода" начальнік прэсавай службы Упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкагааблвыканкаму Сяргей Дучэнка:

"Дзяніс Валер’евіч значна перабольшыў рэальную інфармацыю. Яго выклікалі ў райаддзел 28 сакавіка на 16.30 для разгляду пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкулу 17.1. Ён адмовіўся ад удзелу ў разглядзе пратаколу, у сувязі з гэтым быў затрыманы ў адміністрацыйным парадку ў мэтах забеспячэння ягонага ўдзелу падчас разгляду справы (падстава — пункт 4 часткі 2 артыкулу 8.2). Марук вёў сябе неадэкватна, адмовіўся выкласці асабістыя рэчы, змясціў у ротавую поласць іншародны прадмет. У сувязі з гэтым была ўжытая фізычная сіла, каб паспрабаваць яго дастаць. Пасля разгляду адміністрацыйнага пратаколу і вынясення штрафу а 17.45 быў адпушчаны з міліцыі дадому».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!