312

Стала вядома колькі ўсяго НДА было 23 ліпеня ліквідавана ўладамі

26.07.2021 Крыніца: "Еўрарадыё"

23 ліпеня 48 некамерцыйных грамадскіх арганізацый даведаліся, што былі без папярэджання ліквідаваныя ўладамі. Як аказалася зрабіць гэта даволі проста — выканкамы могуць самастойна ліквідаваць любую зарэгістраваную ім юрыдычную асобу. А вось з грамадскімі аб'яднаннямі складаней — Мінюст павінен звярнуцца ў суд, каб закрыць іх. Менавіта таму БАЖ і беларускі ПЭН-цэнтр да гэтага часу працуюць.

Хто трапіў пад рэпрэсіі? Сярод 48 НДА ёсць юрыдычныя і праваабарончыя праекты: Human Constanta, цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, "Офіс па правах людзей з інваліднасцю". Ёсць журналісцкія праекты — "Прэс-клуб". Чацвёра іх супрацоўнікаў ужо больш за 200 сутак знаходзяцца ў СІЗА. Поўны спіс ліквідаваных грамадскіх арганізацый сабрала "Медиазона Беларусь"

Пад удар трапілі і экалагічныя ініцыятывы: "Экосреда", "Рэгіянальны цэнтр экспертызы "Экодемия" і Цэнтр экалагічных рашэнняў, заснаваны ў 2009 годзе. Рэпрэсіі не абмінулі і дабрачынныя платформы. Пад ліквідацыю патрапіў праект "Імёны", якія збіралі грошы для дапамогі людзям з ВІЧ, бяздомным, дзецям з анкалогіяй і не толькі. Дасталося і культурным ініцыятывам — "Арт-Сядзіба", "Мова Нанова", "Садзейнічанне культурнаму развіццю гарадоў", "Крэсы" і іншыя былі ліквідаваныя ўладамі.

Большасць грамадскіх арганізацый даведаліся пра сваю ліквідацыю цалкам выпадкова, праверыўшы свой статус у адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!